Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Іван Панько


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Называць Беларусь “праваслаўнай краінай” могуць толькі людзі зусім недасьведчаныя альбо, далікатна кажучы, няшчырыя. Пры канцы ХVІІІ стагодзьдзя, да захопу нашых земляў Расеяй і распачатага царскімі ўладамі змаганьня з уніяцтвам, што было, па сутнасьці, народнай рэлігіяй беларусаў, праваслаўныя складалі ў краі меней за 10 адсоткаў.

Цягам стагодзьдзяў у нашай самай талерантнай у Эўропе дзяржаве — Вялікім Княстве Літоўскім —мірна жылі побач людзі розных канфэсіяў. Сказанае адносіцца ня толькі да католікаў і праваслаўных, але і да пратэстантаў, якіх афіцыйныя сродкі інфармацыі дый дзяржаўныя асобы сёньня часам зьняважліва называюць сэктантамі і лічаць нечым чужародна-крамольным, хоць гісторыя пратэстантызму ў Беларусі налічвае болей за 500 гадоў.

Адной з наймацнейшых у ХХ стагодзьдзі пратэстанцкіх супольнасьцяў у нас былі (і застаюцца такімі ў ХХІ) пяцідзесятнікі. У іх асяродзьдзі вельмі шануецца імя япіскапа Івана Панько, які разам з паплечнікамі стварыў пры канцы 1944 году Царкву хрысьціянаў веры эвангельскай Беларусі, Літвы і Ўкраіны. Цэнтрам гэтага рэлігійнага задзіночаньня сталі Баранавічы. Аднак у рэгістрацыі Царкве адмовілі. Магчыма, апрача ўсяго іншага, сваю ролю адыграла тут і дзейнасьць Івана Панько падчас нямецкай акупацыі, калі ўзначаленыя ім пяцідзесятніцкія суполкі дапамагалі грашыма і вопраткай Беларускай самапомачы і Беларускай краёвай абароне.

У адказ на пазыцыю ўладаў Іван Панько з сакратаром кансысторыі Сяргеем Вашкевічам і дзяканам Нічыпарам Касьніковічам заснаваў гэтак званы “Нелегальны кіраўнічы цэнтар” (НКЦ). Адной з галоўных сваіх мэтаў ён меў вызваленьне прэсьвітэраў ад мабілізацыі ў савецкае войска. Дзякуючы пастырскім пасьведчаньням, якія, зацьвярджаючы іх сваёй адмысловай пячаткаю, выдаваў Панько, прызыву пазьбеглі болей за сто сьвятароў.

У 1949-м органам МГБ удалося выйсьці на добра закансьпіраванае кіраўніцтва НКЦ. На судзе кіраўнік беларускіх пяцідзесятнікаў пачуў абвінавачваньні ў калябарацыянізьме, вайсковым сабатажы і пашырэньні сярод шырокіх колаў жыхарства і, найперш моладзі, “рэлігійнага опіюму”.

Далейшы лёс Івана Панько высьветліць пакуль не ўдалося.
XS
SM
MD
LG