Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івянец: “Я вялікі эканаміст, я прызвычаіўся да галечы”


Ягор Маёрчык, Івянец, Валожынскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Пры канцы 2006 году, пад самыя Каляды, пэнсіянэрка Галіна Шакаль кінула задуму разбагацець на гандлі.

Некалькі гадоў яна разам з сынам, на якім чацьвёра дзяцей, трымала намёт на цэнтральным пляцы Івянца. Гандлявалі і садавіной, і гароднінай, якія набывалі на гуртовым рынку ў Ждановічах. Цяпер у Галіны Шакаль усяго толькі і клопатаў, што схадзіць у краму і час ад часу пасядзець з унукамі, пакуль сын зь нявесткай на працы.

Карэспандэнт: “Выгадны бізнэс быў?”

Шакаль: “Каб быў выгадны, можа яшчэ б працавалі. Заплаціць падатак і заплаціць чалавеку, што гандлюе, — сабе толькі на хлеб заставалася. Каб зэканоміць капейку ды адкласьці — таго не было. Тысяч трыста толькі і заставалася”.

Карэспандэнт: “А колькі ў вас цяпер пэнсія?”

Шакаль: “300 тысяч”.

Карэспандэнт: “Калі апошнім разам падвышалі?”

Шакаль: “У кастрычніку. На 20 тысяч”.

Карэспандэнт: “Вы атрымалі квіток на аплату камунальных паслугаў. Ці моцна зьмянілася лічба?”

Шакаль: “За электраэнэргію я заплаціла 10 тысяч. Газ падаражэў: за балён мы плацілі 21 тысячу, а цяпер — 26. Гэтак шмат трэба плаціць за газ! Чула, што людзі дзівяцца такому. Пэнсіянэрам яшчэ можа жыць, калі па двое, а калі я адна — цяжка. Людзі сталага веку прызвычаіліся эканоміць”.

Карэспандэнт: “А колькі за месяц удаецца зэканоміць?”

Шакаль: “20 тысяч. А ў пазамінулым нічога не ўдалося, бо год зьбірала грошы, каб перакрыць хату. А цяпер зноў трэба эканоміць, каб наняць людзей”.

Карэспандэнт: “Колькі гэта будзе каштаваць?”

Шакаль: “Ня ведаю, ці ўкладуся ў 300 тысяч”.

І яшчэ адно выказваньне Галіны Шакаль:

Шакаль: “Мне надта не падабаецца, што робіцца ў нас з рэстарацыяй. Яна разбураецца, бо дах не накрыты. Як я чалавек у сталым узросьце, разумею, чаго каштуе будынак, шмат грошай. А калі ён недагледжаны і развальваецца, то надта кепска”.

Карэспандэнт: “Але зь іншага боку, калі вы кажаце, што такая цяжкая сытуацыя, няўжо людзям патрэбная рэстарацыя? Ці будуць яны туды хадзіць?”

Шакаль: “А чаму не? Людзі ж вясельлі робяць, дык няма дзе. Добра, што яшчэ ёсьць Польскі дом. Дык у Польскім доме. А болей няма дзе прыткнуцца ў нашым Івянцы. Калі людзі прыяжджаюць аднекуль, то няма дзе паесьці”.

Абедаю я ў Мікалая Куксо. Колішні судзьдзя, за савецкім часам адзін зь лепшых агітатараў-прапагандыстаў. Можа ладзіць майстар-клясы, як эканоміць пры маленькай пэнсіі і коштах, што падвышаюць ледзь ня штотыдзень. У свае амаль восемдзесят спадар Куксо прызнаецца, што, па вялікім рахунку, не бядуе — але ў той жа час абураецца, што пушка распушчальнай кавы “Нэскафэ” за апошні час падаражэла на 1 тысячу рублёў. Мы п’ем гэтую самую каву і гутарым.

Куксо: “Я ня ем селядцоў — я набываю кільку, я не бяру разрубкі — бяру галавізну, мы не набываем батона — жонка пячэ блінцы, перакладваю іх сочывам — і атрымліваецца торт. Я не набываю гарбаты “Ліптан” — у мяне ёсьць чабор, мята і сьвятаяньнік. Я вялікі эканаміст, я прызвычаіўся да галечы, таму я выкручваюся і жыву болей-меней”.



Карэспандэнт: “Як мяняецца жыцьцё іншых жыхароў Івянца?”

Куксо: “У іх пакрысе мяняецца сьветапогляд. Калі раней на мяне акрысьваліся, калі я ім нешта гаварыў, то цяпер маўчаць і слухаюць. Кажуць: “Хоць будзем ведаць, што творыцца на белым сьвеце”. Мяне называюць бэнээфаўцам, хоць я трыццаць гадоў быў у камуністычнай партыі. Я некалі меў ганаровыя граматы за тое, што быў прапагандыстам.

Я пачынаю з простага. Камандная сыстэма забараніла нам есьці менскі хлеб. Як зь Менску прывязуць добры хлеб, тады выклікаюць санстанцыю, якая штрафуе гандляра. І гандляр ужо ня хоча прывозіць нам менскага хлеба. А замест нам вязуць гарэлы і недапечаны з Валожына. Я ім і кажу: бачыце, гэта і ёсьць камандная сыстэма, таму мы ямо цеста замест хлеба. У каманднай сыстэме няма канкурэнцыі — ежце цеста і надалей!”

У дадатак да развагаў пэнсіянэра Мікалая Куксо — назіраньні рэжысэра івянецкага Дому культуры Валер’я Мазура. У ягоным кабінэце з шасьці лямпачак гараць толькі тры — эканомія.

Валеры Мазур жыве ў шматкватэрным доме. Сваю хату ацяпляе пры дапамозе газавага катла. Валеры кажа, што калі паліва стане задарагое, пяройдзе на дровы. Маўляў, з чатырох бакоў Івянца лясы і буралому там заўсёды хапала. Задорага, тлумачыць ён, гэта калі за паліва трэба будзе выкласьці палову заробку. З Валер’ем Мазурам мы гутарым пра тое, як за апошні месяц памяняліся настроі жыхароў Івянца.

Карэспандэнт: “Пра што людзі казалі, калі разглядаліся пытаньні коштаў на газ, на нафту?”

Мазур: “Народ вінаваціць Расею. Кажуць, што глябалісты й шавіністы задушылі маленькую краіну. А я лічу гэта палітычнымі мінусамі з боку нашых уладаў”.

Карэспандэнт: “А людзі адчулі ўжо гэтыя падаражаньні на сваім жыцьці?”

Мазур: “Натуральна, што адчулі. Размовы толькі пра тое, што пэнсіяў не дадаюць, а кошты растуць. Людзі баяцца яшчэ большых зьменаў. У першую чаргу — падаражаньня бэнзіну. Кожны пра запас нешта адкладае. І людзі ўразаюць сваё харчаваньне. Усё гэта адлюстравалася на выбарах у мясцовыя саветы. 20—27% галасавала супраць нашай улады”.

Настаўнік матэматыкі Іван Ваўчэўскі прызнаецца, што на жыцьцё асабліва не наракае. Пайшоў быў на заслужаны адпачынак, але папрасілі папрацаваць яшчэ. Дык цяпер атрымлівае і пэнсію, і заробак. У хаце спадара Ваўчэўскага стаіць газавы кацёл. Выдаткі на ацяпленьне ў гэтым месяцы падрасьлі — у гэтым ён упэўнены. Праўда, канкрэтнай лічбы назваць ня можа. А пра тое, як зьмяняецца дабрабыт жыхароў Івянца, Іван Ваўчэўскі бачыць, гледзячы на сваіх вучняў.

Ваўчэўскі: “Калі ў школе ў клясу заходзяць дзяжурныя і пытаюцца, хто будзе замаўляць абеды, калі падымаюцца дзьве-тры рукі — гэта добра. Выдаткаваць тысячу штодня дзіцяці на абед — ня кожная сям’я сабе гэта можа дазволіць. У школе цяпер вельмі жорсткі рэжым эканоміі сьвятла. Зранку ў клясе, пакуль не пачнецца ўрок, павінна гарэць толькі дзьве-тры лямпачкі. На перапынку сьвятло ў клясе выключаецца”.



Карэспандэнт: “А наколькі зьмяніліся кошты?”

Ваўчэўскі: “Я для сваёй коткі набываю рыбу путасу. Яна каштавала 1850 за кіляграм. А цяпер падаражэла ажно на тысячу”.

Карэспандэнт: “І як зьмяніўся рацыён вашай коткі?”

Ваўчэўскі: “Стала меней есьці рыбы: раней атрымлівала два кавалкі, а цяпер толькі адзін”.

Карэспандэнт: “Для рыбы вы шукаеце замену?”

Ваўчэўскі: “Ёсьць для яе яшчэ каўбаса, лівэрная і крывяная”.

Пяцітысячны Івянец знаходзіцца ў Валожынскім раёне Менскай вобласьці за шэсьцьдзесят кілямэтраў ад сталіцы. Рэйсавы аўтобус сюды цягнецца дзьве гадзіны. Квіток каштуе пяць з паловай тысяч. Аплата праезду не мянялася ўжо некалькі месяцаў. Уласна да Івянца едзе некалькі чалавек. Бальшыня сыходзіць у мястэчку Ракаў. З Ракава ў Менск яшчэ людзі на працу езьдзяць, а з Івянца — ужо не.

Адзін з вэртыкальнікаў Валожынскага раёну, які папрасіў не называць ягонага імя, выказаўся ў тым сэнсе, што з падвышэньнем коштаў на электраэнэргію і аплаты камунальных паслугаў, месьцічы асабліва не зьбяднелі. Маўляў, плаціць болей трэба роўна на столькі, колькі каштуе адзін паход у краму, а значыць, жыць пакуль можна. Чыноўнік хваліцца, што ў ягонай хаце сьвецяць сучасныя энэргазьберагальныя лямпачкі, а таксама стаіць лічыльнік на ваду — на гэтым і эканоміць.



Спадар: “Пакуль яшчэ нічога не адчулі, бо прайшоў толькі першы месяц. А што тут рыхтавацца? Як ты ні рыхтуйся, а плаціць трэба. Асабіста я не зьбіраюся мерзнуць ці сядзець безь сьвятла. Ёсьць энэргазьберагальныя лямпачкі. Так, яна каштуе даражэй — дзесяць тысяч, але яна спажывае значна менш энэргіі. А мы набываем звыклыя лямпачкі й кажам, што эканомім. Дзе ж мы эканомім? Нас яшчэ гора не засьпела, а насамрэч даўно час падлічваць”.

У гэтыя дні чыноўнікі імкнуцца, каб эканоміць пачалі прамысловыя прадпрыемствы. У Івянцы найбольш газу і электрычнасьці спажывае завод ганчарных вырабаў. Ганчарства — спрадвечны занятак жыхароў Івянца. На заводзе кераміку вырабляюць прамысловымі мэтадамі — а гэта вымагае вялікай колькасьці электрычнасьці й газу. Тут самыя вялікія ў Івянцы заробкі —400—500 тысяч.

Адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства кажа, што кошты на энэрганосьбіты зьмянілі прамінулай датай. І эканамісты яшчэ нават не пасьпелі пралічыць, на колькі вырасьце цана прадукцыі.

Спадар: “Лепей ня стане. На колькі стане горш? Цяпер плянуем, пералічваем, каб утрымаць кошты хаця б на тым самым узроўні. Які б ні быў высокі кошт, няма нічога крытычнага. Трэба ўсё лічыць і ўсё эканоміць. Плянуем пэўную перабудову. У нас печы сучасныя, зэканоміць нешта яшчэ не атрымліваецца. Мяркуем, што ў лютым-сакавіку сытуацыя яшчэ будзе ўстаканьвацца”.

Другое паводле энэргаёмістасьці прадпрыемства ў мястэчку — адкрытае акцыянэрнае таварыства “Іўкон”. Тут выпускаюць цукеркі. Асноўны рынак збыту — Расея. Супрацоўнікі прадпрыемства кажуць, што паколькі фабрыка прыватная і не атрымлівае фінансавай дапамогі зь бюджэту, эканоміць тут пачалі з уласнай ініцыятывы. Што праўда, атрымліваецца па-рознаму.

Гутару з начальнікам кацельні прадпрыемства “Іўкон” Віктарам Прусевічам.

Прусевіч: “Нас закідалі паперамі. Мы павінны скласьці праграму мінімізацыі выдаткаў энэргіі на 90% — знайсьці нейкае выйсьце, каб зьняць кошт на 90%. Як можна гэта зрабіць на старым дабітым абсталяваньні? Нерэальна. Але пішацца плян мерапрыемстваў. Гэтыя 90% я расьпісаў на дваццаць мерапрыемстваў — мы паставілі новыя лямпы і ўшчыльнілі вокны. Але хіба я магу падлічыць, колькі я на гэтым газу зэканомлю? Вось такое глупства ідзе ў краіне. Мы эканомім кожны год. Мы ўжо столькі павінны зэканоміць, што павінны тапіць і прадукцыю выпускаць на чэсным слове”.



Карэспандэнт: “Ці памянялася эканамічная сытуацыя на прадпрыемстве?”

Прусевіч: “Толькі пагаршаецца. Яна ўжо была дрэнная пры канцы году. Сёньня нашы цэхі застаўленыя. Наш рынак збыту, Расея, зьменшыўся на 50%”.

Празь месяц мы вернемся ў Івянец, каб зірнуць, як зьменіцца жыцьцё герояў гэтай праграмы.
XS
SM
MD
LG