Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статыстыкі пра колькасьць інтэрнэт-залежных у Беларусі пакуль няма


Ігар Карней, Менск На залежнасьць ад інтэрнэту часьцей за іншых пакутваюць маладыя людзі, якія хутка адаптаваліся да новых тэхналёгіяў і ўжо ня могуць уявіць свайго жыцьця без кампутара і віртуальнай прасторы.

10 гад таму з ініцыятывы нью-ёрскага псыхіятра Айвэе Голдбэрга паталягічнае карыстаньне інтэрнэтам было прызнанае псыхічнай неўраўнаважанасьцю. Паводле ацэнак экспэртаў, да 10% інтэрнэт-карыстальнікаў ва ўсім сьвеце псыхічна залежаць ад віртуальнай прасторы. Такая залежнасьць, паводле Айвэе Голдбэрг, ня менш небясьпечная, чым алькагольная ці наркатычная. Як канстатуюць амэрыканскія псыхіятры, 25% карыстальнікаў прыдбалі онляйн-залежнасьць за паўгоду актыўнага карыстаньня інтэрнэтам, яшчэ 58% – цягам наступным шасьці месяцаў, 17% – пасьля году.

У ЗША і краінах Эўропы зьявіліся спэцыяльныя аддзяленьні ў шпіталях, дзе спрабуюць лекаваць ад он-ляйн залежнасьці. А ў Кітаі інтэрнэт-залежнасьць лічаць за хваробу.

Статыстыкі пра колькасьць інтэрнэт-залежных у Беларусі пакуль няма. Аднак з гэтай праблемай сутыкаюцца многія беларускія сем''і. Нават калі ў хаце няма кампутара, падлеткі наведваюць інтэрнэт-клюбы.

Дзяўчына: “Па-першае, інтэрнэт – гэта ня толькі магчымасьць кантактаваць зь іншымі людзьмі. Але таксама магчымасьць набываць нейкую інфармацыю, якую вельмі складана знайсьці нават у дапаможніках. Дарэчы, я думаю, што гэта вельмі зручная рэч, паколькі можна за некалькі хвілінаў знайсьці патрэбную інфармацыю, ня седзячы ў пошуках гадзінамі ў бібліятэках. Досыць зайсьці ў пошукавік, клікнуць – і ўсё гатова”.

Карней: “Ці існуюць у гэтым зьвязку праблемы з бацькамі?”

Дзяўчына: “Так, існуюць. Бо дзеці сядзяць у інтэрнэце даволі доўга, за што бацькі ўрэшце плацяць немалыя грошы”.

Псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі ў вывучэньні фэномэну інтэрнэт-залежнасьці пайшоў далей за амэрыканскага псыхіятра Айвэе Голдбэрга. Дзернакоўскі вылучыў падвід інтэрнэт-залежнасьці – блогазалежнасьць – псыхалягічная залежнасьць ад чытаньня і напісаньня інтэрнэт-дзёньнікаў.

І вось некаторыя прыкметы залежнасьці: навязьлівае жаданьне праверыць электронную пошту. Пастаяннае чаканьне наступнага выхаду ў сеціва. Спыненьне ці нават скарачэньне часу карыстаньня інтэрнэтам ў залежнага чалавека прыводзіць да дрэннага самаадчуваньня, якое выліваецца ў эмацыйную ўзбуджанасьць, роздумы ўслых пра тое, што зараз адбываецца ў інтэрнэце, некантраляваныя рухі пальцамі, якія нагадваюць друкаваньне на клявіятуры. Ёсьць і фізычныя прыкметы залежнасьці: паражэньне нэрвовых канчаткаў рук з прычыны працяглага перанапружаньня цягліцаў, сухасьць у вачох, галаўны боль і боль у сьпіне, хваробы страўніка з прычыны нерэгулярнага харчаваньня.

Былы прэзыдэнт Акадэміі навук Беларусі, былы старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу акадэмік Аляксандар Вайтовіч нядаўна завёў уласны блог. Акадэмік кажа, што ў навучаньні ягоная унучка усё болей і болей выкарыстоўвае інтэрнэт. Спадар Вайтовіч ня бачыць ў гэтым нічога дрэннага і разьвіцьця інтэрнэт-залежнасьці ў сваёй унучкі не баіцца. Ён кажа, што мае значэньне, зь якой мэтай чалавек ідзе ў інтэрнэт.



Вайтовіч: “Цяпер Зусім іншыя тэхналёгіі працы зь інфармацыяй. Тэхналёгіі электронныя. Я гляджу па сваёй унучцы. Яна сядзіць за кампутарам дома і лазіць у інтэрнэце. Тое, што ёй трэба, адшуквае і чытае. Вядома, бярэ нейкія яшчэ кніжкі. І гэта тэндэнцыя. Усё больш і больш будуць электронныя інфармацыйныя тэхналёгіі распрацоўвацца".





Гл. таксама • Vox Populi: "У інтэрнэце няма цеплыні позіркаў і пяшчоты рук"
XS
SM
MD
LG