Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старыя прыказкі на новы лад: “Зь песьні слоў ня выкінеш — песьню сканфіскуюць”


Зьміцер Падбярэскі, Менск Пра што пісалі беларускія газэты 21 лютага ў розныя гады мінулага.

На гэтым тыдні 1927 году “Беларуская Крыніца” за подпісам Галавешка і пад загалоўкам “Старыя прыказкі на новы лад” друкуе наступныя выслоўі: “На злодзею шапка форменная. Хоць мая “хатка” з краю, грошы з шулерні заграбаю. Век жыві, век вучыся, безработным памрэш. Мягка ў хаце пасьцеліш — цьвёрда на Лукішках высьпісься. Зь песьні слоў ня выкінеш — песьню сканфіскуюць. Загляне сонца ў закратаванае ваконца”.

“Віцебскі пролетарый” у 1937 годзе цытуе выступ паэта Андрэя Александровіча на надзвычайным ХІІ Усебеларускім зьезьдзе Саветаў: “Мы зламалі рамкі нацыянальнай абмежаванасці. Калі нацдэмы па-шкодніцку затрымлівалі развіццё беларускай літаратуры, не давалі магчымасці ёй шырока разгортвацца, не пускалі далей станцыі Орша, то пад кіраўніцтвам нашай партыі сваім бурным ростам беларуская літаратура атрымала плацкарту на права выезду ў любы куток неабсяжнага Советскага Саюза. Але карэнні беларускага нацыяналізма яшчэ канчаткова не выкарчаваны. Выкарчаваць і знішчыць гэта чалавечае смеццё — наша баявая і неадкладная задача”.

“На днях Беларускі фонд Сораса, які сёлета адзначае першую пяцігодку дзейнасьці на нашай зямлі, правёў свой VIII зьезд, — паведамляюць у 1997 годзе “Свободные новости”. — Падсумаваньне вынікаў паказала: на беларускія праекты ў сфэры адукацыі і навукі, культуры і эканомікі, мэдыцыны і экалёгіі, грамадзянскага грамадзтва і мас-мэдыя летась фонд выдаткаваў ні многа ні мала 6 мільёнаў даляраў… Дэлегаты VIII зьезду БФС абралі новы склад назіральнай рады… Да чатырох “старых” сябраў папярэдняга складу дадаліся пяцёра новых: беларускія пісьменьнікі Сьвятлана Алексіевіч і Валянцін Тарас, намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур, юрыст Сяргей Леўшукоў і журналіст Раман Якаўлеўскі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG