Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 мільёнаў жыхароў Зямлі лічаць сваёй роднай мовай трасянку


Алена Струвэ, Менск 21 лютага -- Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень адзначаецца паводле рашэньня UNESCO з 1999 году дзеля падтрымкі моўнай і культурнай разнастайнасьці на Зямлі. Цяпер у сьвеце налічваецца больш за 6 800 моваў. Прычым, 90 адсоткамі з ліку гэтых моваў карыстаюцца меней за 100 тысяч чалавек. Прыкладна 30 мільёнаў жыхароў Зямлі карыстаюцца так званай трасянкай – моўным прадуктам, які узьнік шляхам зьмяшэньня дзьвюх моваў. У сьвеце налічваецца звыш за 60 такіх моваў, і некаторыя прапануюць іх ўзаконіць.

У нядаўнім інтэрвію нямецкаму тэлебачаньню француская сьпявачка Патрысія Каас, у якой маці францужанка, а бацька --немец, заявіла, што ня лічыць сваёй роднай мовай ані францускую, ані нямецкую. Паводле яе словаў, яе роднай мовай ёсьць мова Лятарынгіі --зямлі на мяжы Францыі і Нямеччыны, якая ў розны час пераходзіла то немцам, то французам. Інтэрвію сьпявачкі вялося на літаратурнай нямецкай мове і лятарынгскім дыялекце, своеасаблівай нямецка-французкай трасянцы.

“Гэта мова майго дзяцінства, кажа сьпявачка,тая лінгвістычная структура, якая дазваляе мне самаідэнтыфікавацца. Як і кожнаму сучаснаму адукаванаму чалавеку мне трэба валодаць літаратурнай францускай і нямецкай. Аднак час ад часу, вяртаючыся ў родны Саарбрукен, я дазваляю сябе падарожжа ў дзяцінства і юнацтва. Я ганаруся сваім прозьвішчам – Каас. Таму што гэта лятарынгскае “каас” (у перакладзе сыр), а не нямецкае “кэзэ”.

Патрысія Каас, якая цяпер жыве ў Швайцарыі, належыць да гэтак званых полілінгваў. У сваім жыцьці яна штодня гаворыць і думае па-нямецку, француску, ангельску, на швайцарскім варыянце нямецкай мовы -- Schweizerdeutsch.

Ёсьць полілінгвы і ў Беларусі. Якую мову яны лічаць сваёй роднай?

Менчукі Сяргей і Андрэй – прафэсійныя перакладчыкі. Акрамя беларускай, расейскай, валодаюць ангельскай, нямецкай і скандынаўскімі мовамі. Яны лічаць, што выраз “родная мова” ёсьць калькай зь расейскай. Па-беларуску, як і па-ангельску, ці па-нямецку, трэба гаварыць “матчына мова”. Сваёй матчынай мовай яны лічаць трасянку, таму што на ёй пачалі размаўляць.

Сяргей : “А якая альтэрнатыва? Калі ў вёсках на трасянцы пачынаюць размаўляць. Лепш добрая трасянка, чым тое, што гучыць па нацыянальным тэлебачаньні. Гэта жудасная расейская. З такімі падвывамі. Такая Серабранка гучыць і Чыжоўка”.

І Сяргей, і Андрэй лічаць, што канкурэнцыя паміж рознымі нормамі беларускай мовы не прынесла нічога станоўчага ў справе яе прапаганды сярод насельніцтва, а таму выступаюць за наданьне належнага статусу трасянцы.

Андрэй: “Хто ж ведае, што можа быць далей. Я дакладна ведаю, што з нарвэскай мовай было штосьці падобнае. Быў час, калі дацкая мова яе амаль што зьнішчыла. Потым, калі нарвэжцы атрымалі незалежнасьць, яны пачалі аднаўляць сваю мову. Нічога з гэтага не атрымалася. Узьнікла новая мова. Новая нарвэская – гэта звычайная трасянка”.

Абодва лінгвісты за тое, каб узаконіць трасянку. Адным зь першых гэтую прапанову агучыў прафэсар Менскага Лінгвістычнага унівэрсытэту, экспэрт у галіне білінгвістыкі, Дзьмітры Багушэвіч.

Калега Зьмітра Багушэвіча, прафэсар-лінгвіст Ісаак Марголін рашуча з гэтым нязгодны:

Марголін: “Трасянка – гэта не натуральная мова. І не прыгожая. Лінгвісту яна рэжа вуха. Калі трасянку узаконіць, беларуская мова памрэ”.

Прафэсар ўзгадвае досьвед Ізраілю, калі напачатку стварэньня гэтай дзяржавы носьбітамі іўрыту было ўсяго дзевяць чалавек. Дзеля адраджэньня беларускай мовы, паводле словаў прафэсара, трэба найхутчэй прыйсьці да агульнага літаратурнага нарматыву.
XS
SM
MD
LG