Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За цукровым крызысам набліжаецца мясны


Радыё Свабода На 18,3% павялічыліся ад пачатку года запасы гатовай прадукцыі на беларускіх прадпрыемствах. У фактычных цэнах запасы склалі амаль паўтара мільярда даляраў ЗША. Чаму беларуская прамысловасьць працуе на склад?

Запасы гадзіньнікаў на складах, да прыкладу, у 21 раз перавышаюць сярэднямесячны аб’ём вытворчасьці, тканін – у 4,5 разы. Запасы калготак, шкарпэтак на складах – 252% сярэднемесячнага аб’ёму, абутку – 204%, тэлевізараў – 180%.

Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук паставіў такі дыягназ.

Раманчук: “Лёгкая прамысловасьць лягла першай, гэта акурат тая сытуацыя, калі прадпрыемствы яшчэ савецкага ўзору ўвогуле не прыстасаваныя да каньюнктуры рынку”.

Найбольшыя суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасьці склаліся ў лёгкай прамысловасьці – 128,3%, у харчовай – амаль 89%. Менавіта ў гэтых галінах больш за ўсё стратных прадпрыемстваў – амаль траціна.

Меркаваньне эканаміста Міхала Залескага.

Залескі: “Так арганізаваная сацыялістычная наша эканоміка, што на працягу году сярэднегадавыя запасы складаюць прыкладна 50 – 60% месячнага выпуску. Яны могуць перавышаць па асобных прадпрыемствах у многія разы месячны выпуск прадукцыі. Гэта зьвязана з тым, яшчэ раз падкрэсьліваю, што эканоміка застаецца савецкай. І там, дзе ва ўсім сьвеце разумеюць, што галоўнае – гэта не зрабіць, а прадаць, у нас патрабуюць камсамольскае “давай-давай”: “Удвая, утрая вышэй за норму”. А каму гэтыя гадзіньнікі патрэбныя, ніхто не пытаецца. Вось і атрымліваем вынікі”.

Ці ёсьць выйсьце з гэтай сытуацыі?

Раманчук: “Спадар Нарышкін, які кіруе “Беллегпрамам”, замест таго, каб канцэпцыю прыватызацыі, мадэрнізацыі лёгкай прамысловасьці краіны зрабіць, пайшоў ужо па знаным намэнклятурным сцэнары: спатачку “пазбавімся ад індывідуальных прадпрымальнікаў”. Потым яны забясьпечылі сабе ільготы, крэдыты. Потым падышоў такі тэмат імпартазамяшчэньня “Купляйце беларускае”. Усё адно гэта не дапаможа. Нават калі ўрад і будзе датаваць электраэнэргію для гэтага сэктару эканомікі, усё адно ён ня ў стане канкураваць ні з расейскімі, ні з украінскімі, ні зь нямецкімі, швэдзкімі альбо кітайскім прадпрымальнікамі”.

А зараз узьніклі праблемы са збытам у прадпрыемстваў харчовай прамысловасьці.За цукровым крызысам набліжаецца мясны. У лядоўнях Менскага мясакамбінату назапасіўся месячны аб’ём гатовай прадукцыі, якая павінна была пайсьці на экспарт, падобныя праблемы на Слуцкім мясакамбінаце.
XS
SM
MD
LG