Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты-дэмакраты Чэхіі і Беларусі сустрэліся ў Менску


Радыё Свабода Ад сёньня ў дэмакратычных арганізацыях Беларусі распаўсюджваецца кніга пра чэскі досьвед трансфармацыі ад таталітарызму да дэмакратыі. Новае выданьне – вынік сумеснай працы Зьвязу гарадоў і муніцыпалітэтаў Чэскай Рэспублікі і Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў Беларусі. Напярэдадні прадстаўнікі гэтых арганізацыяў сустракаліся ў Менску і вызначылі новыя накірункі супрацоўніцтва.

У новы склад Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў уваходзяць больш як 40 былых і цяперашніх дэпутатаў ад апазыцыі. Узначальвае міжрэгіянальную групу актывіст з райцэнтру Гарадок, што на Віцебшчыне, Леанід Гаравы. Ён расказаў пра вынікі сустрэчы з чэскай дэлегацыяй, якую ўзначальваў мэр Градца Кралава, дэпутат Эўрапарлямэнту Олдрыдж Ўласак.

Гаравы: “Мы ня толькі знаёміліся зь гэтай кнігай. Абмяркоўвалі сытуацыю ў Беларусі пасьля мясцовых выбараў 2007 году – гэта пытаньне цікавіла нашых сяброў. Таксама гаварылі аб падтрымцы разьвіцьця дэмакратыі ў нашай краіне. Абмяркоўвалі пытаньне аб разьвіцьці супрацоўніцтва між гарадамі”.
Асамблея дэпутатаў мясцовых саветаў была заснаваная ў 2003 годзе. У яе склад тады ўвайшлі больш за 80 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі. Сёлета пасьля мясцовых выбараў дзейнасьць асамблеі падоўжаная. Акрамя дэпутатаў мясцовых саветаў 24-га скліканьня, у яе ўвайшлі ўсе 12 вылучэнцаў апазыцыйных партыяў і рухаў, што дамагліся дэпутацкіх мандатаў.

У Чэхіі прыкладна столькі ж малых гарадоў, як і ў Беларусі. Але чэскія маюць 1100 пабрацімаў, у тым ліку ў ЗША і Японіі, а беларускія – ізаляваныя нават ад Эўропы. Чаму так адбываецца, гаворыць сябра Асамблеі мясцовых дэпутатаў Марат Афанасьеў.

Афанасьеў: “Калі я быў старшынёй Жлобінскага гарадзкога Савету ў 1990-1991 гады, у нас былі такія сувязі. Францускі горад Клермон-Феран. Яго кіраўнікі прыехалі разам з прадпрымальнікамі. Мікалай Вайцянкоў – колішні старшыня аблвыканкаму, гаварыў: “Мы мусім такія праграмы ў кожным горадзе зрабіць!. Было 55 пунктаў. У той час было рэалізавана каля 38-і. Цяпер і гэта ўмярцьвілі”.

Як дэмакратычныя дэпутаты плянуюць разьвіваць свае рэгіёны? Чым дапаможа тут супрацоўніцтва з чэскімі ды іншымі калегамі? Разважае дэпутат Лунінскага сельсавету Мастоўскага раёну Аляксандар Пудаўкін.

Пудаўкін: “Калі я выступаў, то перадусім гаварыў, што мы вывучалі досьвед усіх мясцовых праектаў. Што і як там адбываецца. Браў тое, што патрэбна, каб выкарыстаць. Нам давядзецца сваё самакіраваньне зьмяняць. Усе мы мусім быць да гэтага падрыхтаваныя”.
XS
SM
MD
LG