Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць навіну пра вызваленьне з-пад варты Канстанціна Лукашова, які ад сьнежня мінулага году быў за кратамі. Лукашова зьвінавацілі ў супраціве міліцыі і прысудзілі яму два з паловай гады ўмоўна. Канстанцін Лукашоў – брат Палітыка Вячаслава Сіўчыка. Лукашоў сустракаў Сіўчыка са шпіталю і не дазволіў людзям у цывільным затрымаць брата. Камэнтары да прысуду: “Бедныя ў нас міліцыянты – усе іх б’юць”; “Міліцыянты папросту прапусьцілі момант затрыманьня Сіўчыка, і зладзілі Лукашову дробную помсту”; “Судзьдзя, пракурор ды іншыя, спадзяюся, не прыроджаныя злачынцы. Таму Сумленьне ў іх ёсьць, і Яно ня дасьць ім спакойна жыць”.

Карыстальнік блог-парталу “Жывы Журнал” subj-of-inquiry распавядае пра сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам мінулымі выходнымі на гарналыжным курорце “Сілічы” пад Лагойскам: “Я стаю ў чарзе на пад’ёмнік, мінуў турнікет. І тут праз адсунутае зьвяно агароджы проста зьлева ад мяне зьяўляецца ён. Набліжаецца мой пад’ёмнік, іду на яго. А Лукашэнка стаў і чакае. Так і паехаў я на пад’ёмніку з трыма пустымі месцамі. Ён паехаў на наступным, прыхапіўшы пару сваіх мужыкоў… Правадыра нашага некаторыя распазналі не адразу, і народ у чарзе абураўся: “Што гэта за барыгі ізноў без чаргі лезуць?”

Аўтар блогу “Беларускі аглядальнік” agafon_bel камэнтуе інфармацыю пра тое, што ў Салігорску вырашылі будаваць лядовы палац. Аўтар падкрэсьлівае, што Салігорск - футбольны горад і што палац плянуюць будаваць на месцы аднаго з двух найбуйнейшых рынкаў гораду, які мае каля тысячы гандлёвых месцаў. Блогер завяршае свой камэнтар наступным чынам: “Замест ня надта патрэбнага гараджанам аб’екту можна было б пабудаваць тысячы кватэр, тэатар, дзіцячы гарадок, вырашыць праблему адпачынку, іншыя сацыяльныя праблемы. Але ў “галоўнага хакеіста” іншыя прыярытэты”.

Аўтар блог-парталу “Позірк” Зьміцер Солтан піша: “Пасьля таго, як школам далі загад з аддзелаў адукацыі зарабляць сродкі сваімі сіламі, сталі рабіцца вельмі дзіўныя гісторыі. Напрыклад, у адной школе пачалі вырошчваць рассаду памідораў на продаж — адразу прыйшла падаткавая, і справу ледзь замялі. Некаторыя спрабуюць зарабляць платнымі паслугамі вучням — накшталт “рэпэтытарства”… А адной вясковай школе далі плян зарабіць 9 000 000 руб за год, дык настаўнікі памучыліся, і не прыдумалі нічога лепшага, як здаваць па 10 000 руб на месяц”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі.
XS
SM
MD
LG