Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці лічыце вы сябе эўрапейцам?


Радыё Свабода Сацыялягічныя дасьледаваньні ў Расеі выявілі, што больш за 70% жыхароў краіны ня лічаць сябе эўрапейцамі. А як у Беларусі? Ці лічыце вы сябе эўрапейцам і чаму? На гэтае пытаньне адказвалі жыхары Менску

Карэспандэнтка: “Ці лічыце вы сябе эўрапейцам і чаму?”

Спадар: “А як жа? Тут пытаньняў няма. Адназначна. Па-першае, разьмяшчэньне Беларусі, сам мэнталітэт народу. Дый гісторыя пра гэта кажа”.

Юначка: “Напэўна, больш не. Бо нядаўна была ў Эўропе і зразумела, што я зусім не эўрапейка. Мне ня вельмі падабаецца іхны лад жыцьця. Можа, у нас ня так усё і зручна, але больш прыемна для душы і цела”.

Спадар: “Не. Напэўна, у нас мысьленьне не эўрапейскае, прыгнечанае. Практычна ўсе знаходзяцца пад ціскам і правіламі нялюдзкімі”.

Юначка: “Пэўна не, бо жыву ў Беларусі”.

Карэспандэнтка: “Ці лічыце вы сябе эўрапейцам і чаму?”

Юнак: “Лічу. Бо наш Менск — гэта эўрапейскі горад. Тут вельмі разьвіты спорт, а я сам спартовец і добра гэта ведаю”.

Юначка: “Не, мне падаецца, што мы ня вельмі эўрапейскія. Бо калі параўнаць Менск зь іншымі гарадамі Эўропы, да прыкладу, Кіевам, Санкт-Пецярбургам, Масквой нават, то яны выглядаюць больш эўрапейскімі. І людзі там больш эўрапейскія. А яшчэ, мне падаецца, там больш дэмакратыі”.

Спадар: “Сьмешна казаць, а кім я павінны сябе лічыць, калі я ў цэнтры Эўропы жыву? Калі мае продкі ліцьвіны тут? Чытайце Валодзю Арлова, чытайце Ермаловіча, і вы будзеце ведаць who is who”.

Юначка: “Ведаеце, у межах краіны я адчуваю сябе эўрапейкай, але калі бываеш за мяжой, то ня вельмі гэта адчуваеш. Увесь наш мэнталітэт, узровень жыцьця не адпавядае таму, як жывуць эўрапейцы”.

Спадарыня: “Праўду сказаць, не лічу, бо мне бліжэйшыя нашыя славянскія карані й традыцыі. Я ня ведаю чаму, але мне падаецца, што мы ня вельмі пасуем да той Эўропы, якая ёсьць цяпер”.

Юнак: “Я лічу, што так, бо мы знаходзімся ў цэнтры Эўропы й палітыка нашай дзяржавы вельмі добразычлівая да іншых краінаў”.

Спадарыня: “Эўрапейкай я сябе не лічу, бо нам далёка да Эўропы. Хіба нашым унукам гэта калі-небудзь будзе наканавана. Трэба мяняць мысьленьне, а бяз гэтага нічога не магчыма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG