Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея можа нацэліць ракеты на Польшчу і Чэхію


Сяргей Абламейка, Прага У панядзелак 19 лютага Чэская Рэспубліка і Польшча выказалі гатовасьць разьмясьціць на сваёй тэрыторыі элемэнты амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны. Расейскі адказ на гэтую заяву аглядальнікі сёньня называюць “разьюшаным”.

Прэм’ер-мністар Чэхіі Мірэк Тапаланэк падчас візыту ў Польшчу заявіў: “Абедзьве нашы краіны знаходзяцца пакуль у фазе падрыхтоўкі адказу на амэрыканскую ноту. Мы згадзіліся, што абедзьве краіны, праўдападобна, адкажуць на тую ноту пазытыўна. І толькі пасьля гэтага мы пачнём перамовы”.

Абнародаваны Вашынгтонам ў мінулым месяцы праект прадугледжвае, што ў Чэхіі будзе разгорнутая радарная станцыя, а ў Польшчы – ракеты “зямля-паветра”.

Польскі і чэскі прэм’еры падчас прэсавай канфэрэнцыі паўтарылі, што супрацьракетная сыстэма прызначана для перахопу магчымага ракетнага ўдару з боку дзяржаваў-ізгояў, і што яна зусім не накіраваная супраць Расеі.

Тым ня менш гэта не супакоіла Расею. Яе адказ быў хуткі і, паводле заходніх камэнтатараў, неадпаведна жорсткі, нават разьятраны. Мікалай Салаўцоў, камандуючы Ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэньня, заявіў у Маскве, што Расея можа выйсьці з Дамовы 1987 году са Злучанымі Штатамі, якая абмяжоўвае колькасьць ракетаў кароткага і сярэдняга радыюсу дзеяньня ў Эўропе.

Апрача таго Салаўцоў заявіў, што Расея можа нацэліць свае ракеты на Чэхію і Польшчу: “Калі будзе прынятае палітычнае рашэньне аб выхадзе з гэтай Дамовы – а вы ведаеце, што яна была падпісаная паміж ЗША і Савецкім Саюзам – то Ракетныя войскі стратэгічнага прызначэньня гатовыя будуць вырашаць гэтую задачу...”

Прадстаўнікі НАТО адхілілі абвінавачаньні Салаўцова як неабгрунтаваныя і грубыя, назваўшы іх “экстрэмальнай мовай”.
XS
SM
MD
LG