Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Валеры Мазынскі: “Сёньня абыходжуся без тэатру і ўжо не пакутую”


Ганна Соўсь, Менск Сёньня спаўняецца шэсьцьдзесят гадоў тэатральнаму рэжысэру і грамадзкаму дзеячу Валер’ю Мазынскаму, заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі. Свой апошні спэктакль “На дне” Валеры Мазынскі паставіў летась у акрэсьцінскай турэмнай камэры, дзе адбываў 10 сутак арышту за ўдзел у сакавіцкіх пратэстах. Цяпер спадар Мазынскі ўзначальвае грамадзкую арганізацыю “Вэтэраны Адраджэньня” і, як сам прызнаецца, ужо не шкадуе пра тое, што не працуе ў тэатры.

Сёньня Валера Мазынскага віншуюць адразу на дзьвюх імпрэзах — на адкрыцьці выставы Аляксея Марачкіна і ва ўправе Партыі БНФ, дзе ягоныя паплечнікі, сябры і вучні ладзяць урачыстасьці з нагоды юбілею.

У інтэрвію “Свабодзе” Валеры Мазынскі прызнаўся, што свайго найлепшага спэктаклю ён не паставіў, а галоўным дасягненьнем лічыць сваіх сыноў Васіля і Яўгена. Што да працы ў тэатры, то ўжо навучыўся абыходзіцца безь яе пасьля таго, як улады закрылі створаную ім “Вольную сцэну”.

Мазынскі: “Мы ж вар’яты. Калі ў нешта ўлюбляемся, то Божага сьвету ня бачым. А аказваецца, сьвет такі вялікі, такі разнастайны, такі рознакаляровы. Перахварэў, як кажуць, нітачка парвалася, відаць. Я б з задавальненьнем, можа, займаўся б толькі дзецьмі й студэнтамі. А ставіць, тым больш тут... Я ня ведаю ніводнага калектыву, які б мог гаварыць сучаснай мовай з сучасным гледачом. Загадваць на будучае не выпадае. Але сёньня абыходжуся без тэатру і ўжо не пакутую”.

З 1976 да 1989 году Валеры Мазынскі — галоўны рэжысэр Беларускага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску. Многія з пастаўленых ім спэктакляў сталі зьявамі ў тэатральным жыцьці — “Званы Віцебску” і “Кастусь Каліноўскі” паводле У.Караткевіча, “Сымон-музыка” паводле Я.Коласа, “Вечар” і “Радавыя” А.Дударава.

Заслужаная артыстка Беларусі Тацяна Мархель кажа, што дзякуючы рэжысэрскаму таленту Мазынскага яна пачала сьпяваць на сцэне.

Мархель: “Да 50-годзьдзя Віцебскага тэатру быў пастаўлены “Сымон-музыка”. Я выконвала ролю маці. І ён папрасіў мяне пасьпяваць: “Ты казала, што твая маці сьпявае народныя песьні, дык давай паспрабуем”. Добра памятаю рэпэтыцыю, калі пайшлі коласаўскія вершы, і ён паказаў, каб я засьпявала, і гэта вельмі лягло... Пасьля таго, як я засьпявала ў гэтым спэктаклі, а ўжо пачала сьпяваць у фільмах, і пачалася песенная частка маёй творчасьці, і я яму за гэта вельмі ўдзячная”.

Ад 1991 году Валеры Мазынскі — у Менску. Ён ставіць спэктаклі ў Купалаўскім тэатры і выкладае рэжысуру ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Валеры Мазынскі стварыў тэатар-лябараторыю беларускай драматургіі “Вольная сцэна”, кіраўніком якой быў восем гадоў. Шлях да друкаваньня п’есы, а потым і спэктаклю пачынаўся з публічных чытак твораў дэбютантаў у прысутнасьці актораў, рэжысэраў і драматургаў. Гэта, паводле спэцыялістаў, было прынцыпова новай зьявай у працы тэатру з драматургамі.

Тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі лічыць найлепшым спэктаклем Мазынскага “Сымона-музыку”. Ён лічыць гэтую пастаноўку ўзорам нацыянальнага паэтычнага тэатру.

Ракіцкі: “Увогуле, вызначальнай рысай Мазынскага-рэжысэра ёсьць ягоная заангажаванасьць у беларускую драматургію. У жаданьні разьвіваць нацыянальную драматургію, адкрываць новыя імёны Мазынскі часта сьвядома ахвяраваў сабой як рэжысэрам. Больш выйгрышна было б паставіць якога-небудзь адпрацаванага шлягернага расейскага драматурга, чым мясцовага пачаткоўца. А ён на створанай ім “Вольнай сцэне” ставіў беларускае, пакуль яго ня “зьелі” ўлады разам зь некаторымі творцамі”.
XS
SM
MD
LG