Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ідэалягічны праціўнік выпускае яшчэ адну, ня менш небясьпечную зброю — відэакліпы”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 20 лютага ў розныя гады мінулага.

Вітаю вас! Наша чарговая сустрэча 20 лютага. І вось як выглядаў гэты дзень у газэтных публікацыях розных гадоў мінулага.

“Гоман” у 1917 годзе інфармуе: “Камэндант Пінска назначыў найвышэйшые цэны: на вялікіе апэльцыны — 26 фэн., на малые — 17 фэн., на цытрыны — 13 фэн. С прычыны таго, што укрываць скора псуючыеся тавары — трудна, таргоўцы хоч-ня-хоч прымушэны будуць дзержацца назначэных цэн, і грамадзяне іншых месц могуць пазайздросьціць пінчукам танных апэльцын”.

У 1957 годзе Янка Скрыган на старонках “ЛіМу” піша на тэму культуры мовы: “Ведаць мову — значыць ведаць законы яе будавання, ведаць яе народную аснову. Бо толькі ведаючы народную аснову мовы, можна ведаць, як натуральна, паводле законаў гэтай мовы, пабудаваць фразу, дзе якое сказаць слова, патрэбнае іменна для гэтага месца, дзе зрабіць націск, дзе і як вымавіць галосныя, зычныя, цвёрдыя, мяккія, уласцівыя гучанню гэтай мовы. Ведаць мову — гэта ў першую чаргу ведаць, як гаворыць народ, бо яна — сродак зносін людзей”.

Пад рубрыкай “Пасьляслоўе да прысуду” Ўладзімер Левін у 1987 годзе піша ў “Знамени юности”: “Акрамя шматгадзінных фільмаў, ідэалягічны праціўнік выпускае яшчэ адну, ня менш небясьпечную зброю — відэакліпы. Яны ўжо зьявіліся ў моладзевым асяродку. Гэта музычныя сюжэтныя мікрафільмы, якія цягнуцца 3—4 хвіліны, рэклямуючы зорак цяжкага року, “новай хвалі” і ўсё той жа культ гвалту, сэксу, жорсткасьці на фоне аглушальнай музыкі”.
XS
SM
MD
LG