Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеру Мазынскаму – шэсьцьдзесят гадоў


Ганна Соўсь, Менск Сёньня спаўняецца шэсьцьдзесят гадоў тэатральнаму рэжысэру і грамадзкаму дзеячу Валеру Мазынскаму, заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі. Калі Валер Мазынскі быў галоўным рэжысэрам Беларускага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску, многія з пастаўленых ім спэктакляў сталі зьявамі ў тэатральным жыцьці – “Званы Віцебску” і “Кастусь Каліноўскі” паводле У.Караткевіча, “Сымон-музыка” паводле Я.Коласа, “Вечар”, “Парог”, “Радавыя” А.Дударава ды іншыя.

Ад 1991 году Валеры Мазынскі ў Менску, ён ставіць спэктаклі ў Купалаўскім тэатры і выкладае рэжысуру ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Мазынскі стварыў тэатар-лябараторыю беларускай драматургіі “Вольная сцэна”, кіраўніком якога быў восем гадоў. “Вольная сцэна” была закрытая ўладамі, як сьведчаць тэатразнаўцы, фактычна з прычыны рэпэртуарнай палітыкі й атмасфэры беларускасьці.

Апошні свой спэктакль паводле М.Горкага “ На дне” Валеры Мазынскі паставіў у камэры турмы на Акрэсьціна, дзе адбываў 10-суткавы арышт пасьля затрыманьня на падыходзе на Кастрычніцкай плошчы летась 20 сакавіка.

Сёньня ў інтэрвію “Свабодзе” Валер Мазынскі прызнаўся, што свой лепшы спэктакль ён не паставіў, а галоўным дасягненьнем, у жыцьці лічыць сваіх сыноў Васіля ды Яўгена.
XS
SM
MD
LG