Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Іслач” ня вернецца да пісьменьнікаў


Паводле БелаПАН Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду пад старшынствам Руслана Юмагужына пакінула ў сіле рашэньне апэляцыйнай інстанцыі гаспадарчага суду Менску аб прызнаньні незаконнымі дзеяньняў судовага выканаўцы гэтага ж суду Людмілы Макаранкі ў правядзеньні вопісу й гандлю для продажу маёмасьці ўстановы "Санаторы-прафілакторы пісьменьнікаў "Іслач".

Прадстаўнік замежнага фармацэўтычнага прыватнага унітарнага прадпрыемства "ЛатІнфарм" Аляксандар Паўлоўскі папрасіў суд адмяніць пастанову апэляцыйнай інстанцыі ад 21 снежня 2006 году й пакінуць у сіле пастанову гаспадарчага суду Менску ад 9 кастрычніка 2006 года аб адмове "Беллітфонду" ў задавальненьні скаргі на дзеяньні судовага выканаўцы.

Адвакат "Беллітфонду" Аляксандр Царыкаў папрасіў суд вызначыць кірунак дзеяньняў судовага выканаўцы ў справе выстаўленьня на гандаль найперш галоўнага корпусу санаторыя-прафілакторыя, кошт якога задаволіць увесь аб''ём маёмасных патрабаваньняў да "Беллітфонду", альбо выставіць на аўкцыён увесь комплекс маёмасьці "Іслачы".

У інтэрвію БелаПАН дырэктар "Беллітфонду" Алесь Данільчык паведаміў, што ад 6 верасьня 2006 году зь ініцыятывы судовага выканаўцы была выстаўлена на аўкцыён частка маёмасьці санаторыя (галоўны корпус, тры катэджы, кацельня й жылы дом для работнікаў, якія абслугоўваюць "Іслач") коштам 1.228 мільёны рублёў, пры тым што ўся маёмасьць санаторыя складае больш за 2.379 мільёны рублёў.

Паводле словаў спадара Данільчыка, гаспадарчая частка комплексу (27 аб''ектаў, у тым ліку жылыя будынкі ды інжынэрныя камунікацыі) засталася ў падпарадкаваньні "Беллітфонду" й патрабавала працягу затратнай гаспадарчай дзейнасці.

"У гэтай сытуацыі "Беллітфонд" пачаў абскарджаньне дзеяньняў судовага выканаўцы, – паведаміў Алесь Данільчык. – Спачатку наша скарга была адхіленая. Затым рабіліся спробы сумеснай гаспадарчай дзейнасьці, аднак яны не былі заканадаўча аформленыя. Апеляцыйная інстанцыя гаспадарчага суду Менску прыняла адпаведнае законнае рашэньне. Але з гэтым рашэньнем не пагадзіўся "ЛатІнфарм", яго кіраўніцтва падало касацыйную скаргу ў Вышэйшы гаспадарчы суд, а мы – водзыў на гэтую скаргу".

Спадар Данільчык нагадаў, што прычынай выстаўленьня санаторыя на аўкцыён была запазычанасьць "Беллітфонду" за карыстаньне "Іслаччу". Пакупніком выступіла замежная фірма "ЛатІнфарм".
XS
SM
MD
LG