Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суворава ў Беларусі ўшануюць як сьвятога


Радыё Свабода У Кобрыне на Берасьцейшчыне пачата будаўніцтва праваслаўнага сувораўскага храма-помніка. Прадстаўнікі мясцовай улады заяўляюць, што гэты праект дае магчымасьць стварыць у спалучэньні з ужо існуючым музэем Сувораву ваенна-патрыятычны комплекс, аналягаў якому няма нават у Расеі. Каб пабудаваць храм, кобрынцы сьвядома назвалі яго ў гонар фэльдмаршала Суворава – праз тое да іх ідзе расейская фінансавая дапамога.

Пра будаўніцтва на самым высокім месцы ў Кобрыне праваслаўнага храма гутарым зь благачынным Берасьцейскай эпархіі Ўладзімерам Карнелюком.

Карнялюк: “У гэтым годзе разьлічваем завяршыць і перакрыць цокальную частку. Там будзем праводзіць набажэнствы”.

Айцец Уладзімер даводзіць, што будуецца храм-помнік. Плошча пэрымэтра – 1200 квадратных мэтраў. Сьвятар ня робіць таямніцы з таго, што ўзьвядзеньне найвялікшай у рэгіёне царквы фінансуе Расея.

Карнялюк: “Пытаньне разглядалася ў Маскве на ўзроўні патрыярха. І калі ён прачытаў пра сувораўскі храм у Кобрыне, то адразу загадаў: “У першую чаргу дапамагчы гэтаму храму!” Бачыце, які вынік адразу дае імя Суворава!”

Пра спадзяваньні на Маскву гаворыць і прадстаўніца ад улады ў апякунскай радзе праваслаўнага прыходу Галіна Ганчарэнка.

Ганчарэнка: “Вырашылі прыцягнуць па максымуму расейскі бок. Але расейскі бок, як разумееце, ня будзе фінансаваць, калі хоць неяк ня будзе зьвязана з Расеяй. А ў дадзеным выпадку нібыта і прыдумваць ня трэба. Прыцягваць “за вушы” ня трэба”.

Праект сувораўскага храма ў Кобрыне прадугледжвае разьмяшчэньне мастацкай выявы генэрала ў іканастасе.

“Вернікі ў храме будуць мусіць маліцца на ваяра, які на штыхах прынёс у Беларусь прыгоннае права,” – даводзіць жыхар Кобрыну Аляксандар Мех. Суразмоўца кажа пра магчымасьць грамадзкага пратэсту мясцовых жыхароў.

Мех: “Мы і раней спрабавалі дастукацца да людзей. Таму што ў Кобрыне і вуліцы, і гатэль носяць імя Суворава. Справа ў тым, каб давесьці людзям інфармацыю. Пасьля зь імі гаварыць, што вось – мы супраць таго, каб храм насіў імя Суворава”.

Камэнтуе сытуацыю гісторык Алег Трусаў.

Трусаў: “Чалавек, які заліў крывёю Беларусь і Польшчу, ня можа быць ушанаваны на нашай зямлі. Мы ж ня ставім помнікі Карлу ХІІ, Напалеону, Гітлеру.

Гэта ідзе так званая расейская пятая калёна. Вельмі зацікаўленая, каб далучыць Беларусь у якасьці губэрні. А галоўныя ранейшыя далучэнцы: першы – граф Сувораў, а другі – граф Мураўёў. Вось дзьве постаці, якія крывёю залілі Беларусь.”

Больш як дзьвесьце гадоў таму Сувораў выступіў кіраўніком захопу і далучэньня беларускіх тэрыторыяў да Расейскае імпэрыі ў часе падзелу Рэчы Паспалітай. Калі ж у краі пачалося вызвольнае паўстаньне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касьцюшкі, задушэньнем паўстаньня зноў кіраваў Сувораў.

Пасьля расейскі генэрал жыў у Кобрыне наездамі. Ужо хвораму і старому Сувораву цар Павал I падараваў некалькі дамоў, у тым ліку і той, дзе пры савецкай уладзе быў створаны мэмарыяльны музэй. Гэты музэй датрываў да нашага часу. Ёсьць там і стэнд, прысьвечаны Касьцюшку. Кажуць, што амаль кожная экскурсія ў музэі ператвараецца ў слоўную вайну.
XS
SM
MD
LG