Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аматараў галубоў птушыны грып не палохае


Міхал Стэльмак, Менск У Беларусі прымаюцца захады супраць птушынага грыпу ў сувязі са зьяўленьнем хваробы ў Падмаскоўі. Узмоцнены кантроль за ўтрыманьнем свойскай птушкі. У прыватнасьці, у вёсках забаронены свабодны выгул курэй і гусей. Ці непакоіць птушыны грып беларускіх аматараў галубоў?

Я прысутнічаю на сустрэчы галубаводаў. Іх тут каля сотні. Адзін раз на тыдзень – кожную нядзелю раніцай – зьяжджаюцца на рынак Ждановічы пад Менскам:

Спадар Уладзімер: “Бачыце, вось у Маскве знайшлі “грыпоід”. Грып гэты. Будзе і ў нас. Але галубоў ён ня тычыцца. На галубоў ён не распаўсюджваецца. Я чытаў аднаго лекара, што на галубоў ён ня дзейнічае”.

Са спадаром Уладзімерам пагаджаюцца й іншыя галубаводы.

Спадар Васіль: “Мы жывём па галубіным раскладзе. Па-птушынаму”.

Спадар Віктар: “Як сьвітанак, так яны й прачынаюцца. Як усе птушкі, так і яны”.

Спадар Аляксей: “Як толькі заскрыпелі дзьверы, дык яны ўжо й чакаюць, што прыйшоў пачастунак”.

Спадар Васіль: “І ведаюць гаспадара”.

Спадар Аляксей: “Я прачынаюся а палове пятай”.

Спадар Васіль: “На сьвітанку голуб прачынаецца й мы прачынаемся. Таму што трэба іх карміць, выпускаць”.

Аматары галубоў – людзі апантаныя. Напрыклад, Мечыслаў Люцкевіч:

Карэспандэнт: “Колькі вы год займаецеся?”

Люцкевіч: “Зь сямі гадоў. Цяпер я жыву ў Бараўлянах у прыватнай хаце. А раней жыў у Менску. Потым дзеля ўсяго гэтага паехаў на пэрыфэрыю. Каб быў доступ і воля. Што такое балькон? Глупства”.

Адзін з найбольшых аўтарытэтаў сярод галубаводаў менскі пэнсіянэр Міхаіл Шаліма. Ён аддаў галубам паўстагодзьдзя свайго жыцьця:

Шаліма: “Было мне гадоў пяць-шэсьць. І была ў мяне такая вялікая цяга да птушкі. Гэта ў крыві сядзіць. У мяне сем месцаў для галубоў. Поўнасьцю страха. Парод каля дзесяці”.

Карэспандэнт: “Якія?”

Шаліма: “Ёсьць статныя, ёсьць турманы, ёсьць высакалётныя. Экзотыка? Ёсьць якабіны – у іх нібыта парык. Рыбак, паляўнічы й галубятнік – гэта хворыя людзі. Бізнэсу на галубах не зробіш. Гэта аматарская справа”.

Яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў таму ў Беларусі было тысячы галубаводаў. Цяпер іх у краіне – некалькі соцень. Аднак толькі ў Менску ёсьць грамадзкая арганізацыя. Яе старшыня – Яўген Масьцераў:

Масьцераў: “Дзесьці 350 чалавек. Таму гаворка ідзе пра стварэньне ўсебеларускай асацыяцыі галубаводаў. Па прыкладзе Ўкраіны, Расеі. То бок ідзем па сьлядах суседніх дзяржаў”.

Усебеларуская асацыяцыя, паводле галубаводаў, патрэбна для абароны іх інтарэсаў.

Спадар Аляксандр: “Таму што наш урад пастаянна ўбірае будкі-галубятні”.

Спадар Алег: “Цяпер месцы даюць часова. Такога як раней, калі плацілі за месца, за зямлю, няма. Калі нешта будуюць, то галубятню ўбіраюць”.

Спадар Аляксандр: “Раней трымалі галубоў на тэхпаверхах. Цяпер, як пайшоў гэты птушыны грып, пачалі ўбіраць з тэхпаверхаў. Каму яны там перашкаджалі? Нікому. Напрыклад, у мяне 13-ы паверх, я выкупляю гэтыя два мэтры над сваёй кватэрай, плачу за арэнду. А мне кажуць: “Не! Бо ад іх пыл”. Ды няма ад іх ніякага пылу. Яны жывуць чысьцей, чымсьці некаторыя людзі”.
XS
SM
MD
LG