Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовы працэс над былым міліцыянтам будзе закрытым


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня калегія Вярхоўнага суду пачне разгляд справы гэтак званага “гарадзенскага маньяка”, якога падазраюць у шэрагу забойстваў ды іншых цяжкіх злачынствах. Надзвычайнасьць гэтай справы яшчэ і ў тым, што да арышту падазраваны ў “сэрыйных забойствах” служыў у міліцыі.

Аляксандр Сяргейчык, якому журналісты ужо далі мянушку “гарадзенскі маньяк”, служыў камандзірам роты Гарадзенскага раённага аддзелу дэпартамэнту аховы. У Гародні яго і будуць судзіць, але, ўлічваючы цяжкасьць абвінавачаньня, працэс даручаны не мясцовым судзьдзям, а выязной калегіі Вярхоўнага суду.

Справа Сяргейчыка налічвае шмат тамоў, некалькі дзесяткаў эпізодаў. Асноўныя сярод іх – 12 забойстваў, прычым некаторыя са згвалтаваньнямі, што й дало адмыслоўцам падставы казаць пра маніякальны характар злачынцы. Але ў адрозьненьне ад падобных сэрыйных злачынцаў , падазраваны Сяргейчык не забываў пра маёмасныя матывы: дзясяткі эпізодаў справы тычацца крадзяжоў дзяржаўнай і асабістай маёмасьці. Ёсьць таксама эпізоды пра махлярства і незаконныя апэрацыі са зброяй.

Аляксандру Сяргейчыку пагражае вышэйшая меры пакараньня, і гэта яшчэ адна прычына таго, што на працэсе старшынюе судзьдзя Вярхоўнага суду Аляксандр Райдудзін.

Ужо абвешчана, што працэс над былым міліцэйскім ахоўнікам закрыты. Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала патлумачыў, што чакаецца агучваньне інфармацыі інтымнага характару, а падобныя справы заўсёды праходзяць за закрытымі дзьвярыма. Але ж зусім нядаўна ў гэткім жа фармаце прайшлі працэсы над бандай Марозава і над рэчыцкай групоўкай, дзе таксама выявіўся “міліцэйскі сьлед”. Ці не хаваюць такім чынам ад грамадзтва факты злачынстваў з боку міліцыі? Спадар Сукала лічыць падобныя высновы беспадстаўнымі.

Сукала: “У мяне няма такой статыстыкі, што ўсё болей і болей закрытых працэсаў, зьвязаных з міліцыяй. Як правіла гэта тлумачыцца просьбамі ўдзельнікаў працэсу . Але калі прысуд абскардзяць, і Вярхоўны суд знойдзе, што працэс быў закрыты беспадстаўна, тады старшыню судовай калегіі могуць пакараць”.

Справы “пярэваратняў у пагонах” карыстаюцца асаблівай увагай грамадзтва і прэсы, але зьвесткі пра іх даходзяць вельмі абмежаваныя. Паводле журналістаў, якія прысутнічалі на калегіі МУС у студзені 2007 году, міністар Уладзімер Навумаў прыгадваў справу былога міліцыянта Сяргейчыка і яшчэ некаторыя, у якіх фігуруе “міліцэйскі сьлед”. Аднак на час абмеркаваньня праблемы міліцэйскай злачыннасьці журналістаў з залі, дзе праходзіла калегія, выдалілі. Агульнай статыстыкі крыміналу ва ўласным асяродку МУС у апошнія гады не паведамляе. Вядома, што у 2004-ым годзе болей за 200 супрацоўнікаў міліцыі прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. З тых часоў злачыннасьць ў краіне павысілася, прызнаў міністар Уладзімір Навумаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG