Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбны Салігорску Лядовы палац?


Радыё Свабода Сёлета ў Салігорску распачнецца будаўніцтва Лядовага палацу. Ужо абраная пляцоўка – у цэнтры гораду, на месцы муніцыпальнага рынку "Старавакзальны". Але грамадзкія актывісты прапануюць правесьці рэфэрэндум, каб вызначыцца, ці патрэбны такі дарагі праект гораду.

Паводле заканадаўства, каб правесьці мясцовы рэфэрэндум, трэба стварыць ініцыятыўную групу колькасьцю ня менш за 20 чалавек. Афіцыйна зарэгістраваная ініцыятыўная група павінна сабраць, у сваю чаргу, ня менш за 10% подпісаў жыхароў гораду. Зараз у ініцыятыўнай групе ужо больш за 50 чалавек – актывісты Жаночай партыі "Надзея", прадпрымальнікі рынку "Старавакзальны", прадстаўнікі іншых грамадзкіх арганізацыяў. Гаворыць сябра ініцыятыўнай групы па правядзеньні рэфэрэндуму Уладзімер Шыла.

Шыла: "Я б ня стаў сьцьвярджаць, што салігорцы супраць. Менавіта рэфэрэндум і павінен гэта паказаць. Але настроі такія ёсьць у грамадзтве – навошта? Навошта нам такое шчасьце? А калі трэба, то хацелася б, каб у нас запыталіся: хочам мы гэты палац ці не?"

Дзьве траціны сродкаў на будаўніцтва Лядовага палацу павінны забясьпечыць гарадзкія улады за кошт мясцовага бюджэту. Намесьніца старшыні жаночай партыі "Надзея" Ларыса Насановіч лічыць, што ў горадзе шмат іншых праблем, якія патрабуюць першачарговага вырашэньня.

Насановіч: "Ёсьць вуліцы ў цэнтры гораду, дзе дагэтуль няма ні асфальту, ні каналізацыі. таму людзі вырашылі, што трэба правесьці рэфэрэндум, і няхай народ сам вырашае, ці патрэбны гэты палац, ці лепш гэтыя грошы накіраваць на вырашэньне сацыяльных праблем".

Прадпрымальнікам і прадаўцам рынку ужо загадалі да красавіка вызваліць тэрыторыю рынку. Тлумачыць лідэр салігорскіх прадпрымальнікаў Аляксандар Цацура.

Цацура: "Гэта ў цэнтры гораду, непадалёк вакзал. З вакзалу і прыежджыя прыходзяць на гэты рынак. Месцаў там каля тысячы. А зараз прадпрымальнікаў хочуць загнаць на стаянку, якая знаходзіцца за горадам. Прадпрымальнікі супраць гэтага палацу, бо ў нас сёньня шмат нявырашаных сацыяльных пытаньняў, і будаваць загадзя стратнае прадпрыемства, якое потым будзе датавацца дзяржавай, людзі ня згодныя".

Рынак дае значны прыбытак у бюджэт, а будаўніцтва Лядовага палацу будзе ускладзенае на плечы салігорскіх падаткаплатнікаў.

Шыла: "Ёсьць ужо цікавая інфармацыя, што Салігорскі гарвыканкам прыняў адмысловае рашэньне праводзіць, пачынаючы са студзеня гэтага году па ліпень 2008 году кожны месяц суботнік. То бок, усё гэта зьвядзецца да таго, каб зьбіраць грошы на будаўніцтва гэтага Палацу".

Сябры ініцыятыўнай групы ня надта вераць, што ўлады прыслухаюцца да голасу народу, нават калі рэфэрэндум адбудзецца. Але адна з мэтаў рэфэрэндуму – інфармаваньне насельніцтва, кажа моладзевы актывіст Іван Шыла.

Іван Шыла: "Мэта – проста паінфармаваць праз тую сытуацыю, якая зараз ёсьць – пра суботнікі, пра тыя захады, якія будзе рабіць улада, і што гэта будзе біць моцна па кішэнях і заробках".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG