Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як творцам абараніць інтэлектуальную ўласнасьць?


Ігар Карней, Менск У камісію ў справах інтэлектуальнай уласнасьці пры Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь паступіў пазоў ад мастака Ўладзімера Шаркова да кандытарскай фабрыкі “Камунарка”. Мастак пратэстуе супраць незаконнага выкарыстаньня свайго малюнка на пушках цукерак пад назвай “Шоколадные купола” і патрабуе выплаты аўтарскага ганарару ў памеры 25 мільёнаў рублёў. Наколькі часта ў Беларусі творцы бароняць сваю інтэлектуальную ўласнасьць?

У 2005 годзе сябра Саюзу мастакоў Уладзімер Шаркоў прапанаваў кандытарскай фабрыцы “Камунарка” супрацоўніцтва ў аздабленьні пакункаў слодычаў. Мастак пакінуў ўзоры працаў. Яго запэўнілі, што калі эскізы зацьвердзяць, зь ім падпішуць дамова. Аднак праз год спадар Шаркоў выпадкова ўбачыў на вітрыне крамы пушку цукерак, на ёй пазнаў свой малюнак. Ад жніўня 2006 году спробы атрымаць кампэнсацыю да выкарыстаньне малюнку плёну так і ня мелі.

Шаркоў: “Генэральны дырэктар сказала: плаціць ня будзе і ўвогуле аб чымсьці са мной дамаўляцца не зьбіраецца. Матыў, відавочна, быў такі: нашы людзі ня змогуць, хутчэй за ўсё, заплаціць 2,5 мільёны рублёў пошліны. Я аформіў крэдыт у банку на спажывецкія патрэбы і коштам гэтых грошай пачаў аплачваць судовыя выдаткі. Калі б ня гэтыя грошы, шчыра кажучы, магчыма і я не адважыўся б. Таму што судовая пошліна паводле загаду прэзыдэнта, 10% ад сумы позвы”.

Карней: “А вы на 25 мільёнаў рублёў дамаўляліся першапачаткова?”

Шаркоў: “Мы ўвогуле ні пра што не дамовіліся. Я ім прапанаваў са свайго боку ў варыянце дамовы напісаць іхную суму, якая б іх задаволіла. Але яны цягнулі-цягнулі, пакуль спантанна не прагучэла сума 25 мільёнаў. Потым яны пачалі крычэць, што я вельмі шмат хачу, але сваіх прапановаў так і не агучылі. А ў студзені яны назвалі суму, якая іх задавальняе – тры мільёны рублёў. Матывацыя такая: на складах 35 тысяч пакункаў цукерак, якія яшчэ засталіся, і ад гэтай колькасьці яны гатовыя мне тры мільёны выдаць. Пры гэтым катэгарычна адмовіліся назваць, колькі было прадукавана ад пачатку і колькі было атрымана прыбытку. Таму што, паводле закону, я маю права прэтэндаваць на працэнт ад атрыманага імі прыбытку”.

Найбольш плённа змагаецца за сваю інтэлектуальную ўласнасьць драматург Аляксей Дудараў – у ягоным актыве не адзін дзесятак выйграных справаў супраць кавярняў, творчых калектываў, вытворцаў гарэлкі і малочных вырабаў, якія без дазволу карысталіся назваць “Белыя Росы”.

Мастак Мікола Купава колісь судзіўся з Гомельскім лікёра-гарэлкавым заводам і атрымаў каля пяці тысяч даляраў у рублёвым эквіваленце за незаконнае выкарыстаньне на цэтліку выявы карціны “Вітаўта”.

Купава: “Справа доўга цягнулася, дзесьці з год. І толькі дзякуючы таму, што я ўжо не адступаўся (хоць адчуваў, што яны хочуць усё зацерці), плён быў. Больш за тое, нават хацелі перакласьці на мяне нейкую віну. Але я абышоў усе інстанцыі, ажно да Вярхоўнага суду, напісаў туды скаргу і тады толькі яны вярнулі справу на перагляд. Спачатку хацелі паслаць справу ў Гомель і там, канешне, ужо расправіліся б па-свойму. Бо татальна адмаўлялі, што ўвогуле такую гарэлку выпускалі. А ў мяне ўсе былі доказы гэтаму. Яны казалі, што нібыта вытворчасьць спынілася, але ў крамах яна была, людзі прывозілі. І мне нават зараз яшчэ даслалі налепку, калі гэтая эпапея насамрэч ужо завершылася. Знаёмыя трымалі ў сябе ў калекцыі”.

Спэцыяліст у галіне абароны аўтарскага права, юрыст Андрэй Лучанок кажа, што мала хто добраахвотна рабіць адлікі за выкарыстаньне музычных, мастацкіх і навуковых твораў.

Лучанок: “У краінах багатых існуюць таварыствы ў кіраваньні правамі, якія могуць разьвівацца, паколькі эканамічная сытуацыя ў тых краінах больш стабільная. Карыстальнікі пляцоўкамі больш багатыя, квіткі каштуюць даражэй і, натуральна, зборы за выкарыстаньне твораў большыя. Гэтыя таварыствы могуць мець вялікі штат супрацоўнікаў і эканамічна яны вельмі стабільна стаяць на нагах і разьвіваюцца. Карані трэба шукаць у эканамічнай сытуацыі. Усё ідзе ад эканамічнага разьвіцьця”.

У 2006 годзе у судовай калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага суду знаходзіліся 64 справы. Дзеля параўнаньня, у 2005 годзе такіх справаў было разгледжана паўсотні, у 2004-м – 43. Летась пачала фармавацца практыка вырашэньня праз суд спрэчак аб парушэньні правоў на таварны знак у даменным імені, аб парушэньні сумежных правоў сьпевакоў-выканаўцаў, аб прызнаньні рэгістрацыі таварнага знаку актам недабрасумленнай канкурэнцыі.
XS
SM
MD
LG