Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Заўтра Канстанцін Лукашоў можа выйсьці на волю (фота)


Любоў Лунёва, Менск У судзе Ленінскага раёну Менску прадстаўнік пракуратуры папрасіў пакараць Канстанціна Лукашова зьняволеньнем на два гады — з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на тры гады. Канстанціна вінавацяць у супраціве міліцыянту.

Інцыдэнт адбыўся летась 29 сакавіка, калі Лукашоў на ўласным аўтамабілі вывозіў са шпіталю свайго брата Вячаслава Сіўчыка. Ён не спыніў машыну на патрабаваньне людзей у цывільным. Ад 19 сьнежня Канстанціна трымаюць пад вартай.

У судзе Ленінскага раёну Менску ў справе Канстанціна Лукашова адбыліся спрэчкі. Прадстаўнік пракуратуры спаслаўся на паказаньні Анатоля Сушчэні, які прызнаны пацярпелым у крымінальнай справе.

Нагадаем, летась 29 сакавіка Канстанцін Лукашоў на ўласным аўтамабілі вывозіў з 3-га клінічнага шпіталю свайго брата Вячаслава Сіўчыка. Людзі ў цывільным знакамі загадалі Канстанціну спыніцца, але ён гэтага не зрабіў.

Пазьней адзін зь міліцыянтаў зьвярнуўся ў пракуратуру з заявай пра тое, што яго нібыта зьбіў аўтамабіль Лукашова. Ён папрасіў у судзе спагнаць з Канстанціна два мільёны рублёў (гэта каля тысячы даляраў) матэрыяльнай кампэнсацыі за нібыта сапсаваную вопратку.

Нягледзячы на тое, што паказаньні некаторых сьведак супярэчылі абвінавачаньню, пракурор узяў за аснову паказаньні міліцыянта. Ён папрасіў пакараць Канстанціна зьняволеньнем на два гады з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на тры гады.

Адвакат Канстанціна аспрэчыла высновы абвінавачаньня й папрасіла суд апраўдаць падабароннага, спаслаўшыся на тое, што першапачаткова не было падставаў для крымінальнай справы.

Гаворыць брат Канстанціна Лукашова Вячаслаў Сіўчык:

В.Сіўчык: “Сёньняшняя прамова пракурора паказала, што пракуратура абсалютна не зьвяртае ўвагу на тое, што існуе заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Пракурор спаслаўся толькі на паказаньні так званага пацярпелага. Так што яшчэ трэба дзякаваць, што пацярпелы не прыйшоў у суд і не сказаў, што мой брат перашкаджаў яму ляцець на Марс. Тое, што адбываецца ў судзе, — гэта зьдзек ня толькі зь беларускага заканадаўства, зьдзек зь беларускага народу, а гэта зьдзек са здаровага сэнсу”.

Маці Канстанціна Галіна Сіўчык была абураная выступам абвінаваўцы.

Г.Сіўчык: “Сёньня два месяцы, як мой сын незаконна знаходзіцца ў СІЗА. Я спадзяюся, што судзьдзя абвесьціць апраўдальны прысуд. Таму што, калі вось цяпер пракурор прасіў умоўна і быццам бы гэта мякка, і, як адвакат казала, што лепш сініца ў руках, чым журавель у небе… Але абвінавачваць нявіннага чалавека — таксама злачынства, не гаворачы пра грэх, — дарэчы, пачаўся пост. Я вельмі ўдзячная ўсім тым, хто мне тэлефануе, хто яму піша лісты. Бяз вашай падтрымкі мы б ня вытрымалі”.

20 лютага а дзясятай раніцы судзьдзя Зінаіда Красоўская мае абвесьціць прысуд.

XS
SM
MD
LG