Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія дэпутаты знайшлі сяброў у Судане


Уладзімер Глод, Менск Сьпікер Палаты прадстаўнікоў Ўладзімер Канаплёў заявіў пра намер стварыць працоўную групу дзеля супрацоўніцтва з парлямэнтам Судану. Заява была зроблена з нагоды прыбыцьця ў Беларусь парлямэнцкай дэлегацыі Судану на чале са сьпікерам Ахмэдам Ібрагімам эль-Тахірам.

Палітоляг, старшыня Беларускага шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў згадвае, што дэмакратычныя дзяржавы пазьбягаюць падтрымліваць дачыненьні з Суданам. І тлумачыць, чаму так адбываецца:

Лялькоў: “Гэта, натуральна, спэцыфічная краіна, урад якой патрабуе большай колькасьці зьнешніх кантактаў, якія ў Судана вельмі абмежаваныя. Гэта адна з краінаў, якія можна аднесьці да краінаў-ізгоеў. І таму кантакты зь беларускім рэжымам, які таксама, на жаль, належыць менавіта да гэтай катэгорыі, — натуральнае імкненьне ізгояў быць бліжэй адзін да аднаго, каб не адчуваць сябе ў адзіноце”.

Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў характарызуе Судан як адну з самых праблемных краінаў сьвету, дзе да гэтага часу пануе дыктатура і гіне вялікая колькасьць людзей. На ягоную думку, калі б беларускае кіраўніцтва сапраўды хацела перагледзець дачыненьні з Захадам, яно знайшло б спосаб дыпляматычна адмовіцца ад візыту суданскай дэлегацыі. Нават калі б гэтую паездку плянавалі загадзя.

Саньнікаў: “З аднаго боку, мы чуем заявы пра тое, што трэба сябраваць з Эўропай, разьвіваць дачыненьні зь міжнароднымі арганізацыямі, якія будуюцца на прынцыпах дэмакратыі ды павагі да правоў чалавека. А з другога боку, працягваюцца сувязі зь небясьпечнымі краінамі — такімі, як Іран, Судан, Сырыя, Паўночная Карэя. Гэта значыць, што ніякіх зьменаў, якіх можна было б чакаць у выніку асэнсаваньня той палітыкі, што прывяла да крызісу, мы ня бачым”.

Ігар Лялькоў зьвяртае ўвагу на тое, што кіраўніцтва Беларусі й Судану кантактуе вельмі часта. Можна згадаць і прыезд у Беларусь у 2004 годзе прэзыдэнта Судану Амара Гасана эль-Башыра, і паездкі ў Судан міністраў Мальцава, Навумава ды іншых. Палітоляг заўважае, што гэтым разам суданская дэлегацыя будзе сустракацца і з Аляксандрам Лукашэнкам, і зь міністрам абароны Леанідам Мальцавым:

Лялькоў: “Цяжка, канечне, сказаць, колькі яшчэ запасаў зброі засталося ў Беларусі. Але ў Беларусі вельмі шмат спэцыялістаў і магчымасьцяў для абслугоўваньня і рамонту той зброі, што прадалі раней. А калі ўлічыць, што ў Судан у свой час было прададзена шмат зброі менавіта зь Беларусі, дык цалкам лягічным выглядае тое, што тэхнічнае абслугоўваньне і рамонт можа праводзіцца беларускім бокам”.

Судан — самая вялікая краіна на афрыканскім кантынэнце. Ад 2003 году ў правінцыі Дарфур працягваюцца сутыкненьні ўрадавых войскаў з паўстанцамі. Паводле экспэртаў, там ужо загінулі ня меней за 200 тысяч чалавек. Два мільёны жыхароў правінцыі мусілі пакінуць свае дамы і стаць уцекачамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG