Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Птушыны грып — на мяжы Беларусі


Ігар Карней, Менск Расейскія вэтэрынары афіцыйна абвясьцілі: ва ўсіх пяці раёнах Маскоўскай вобласьці ў птушкі з падазрэньнем на птушыны грып пацьвердзіўся дыягназ. Выяўлены вірус — небясьпечны для чалавека азіяцкі варыянт птушынага грыпу, сумнавядомы штам H5N1. Упершыню птушыны грып зьявіўся так блізка ад тэрыторыі Беларусі.Выпадкі птушынага грыпу на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі фіксаваліся і раней, аднак упершыню небясьпечны для чалавека штам H5N1 афіцыйна пацьверджаны ў геаграфічна блізкім да Беларусі Падмаскоўі.Першыя падазрэньні на хваробу былі агучаныя 16 лютага ў фэрмэрскай гаспадарцы блізу Зьвянігараду. За наступныя дні эпідэмія распаўсюдзілася яшчэ на чатыры раёны. Паводле службы “Расспажыўнагляд”, пасьля праверкі ўся інфікаваная птушка зьнішчаная, а ў пацярпелых неселеных пунктах увялі двухтыднёвы карантын.

У зацікаўленых беларускіх дзяржаўных ведамствах сьцьвярджаюць: пагроза трапляньня вірусу H5N1 на тэрыторыю Беларусі малая, паколькі пастаўкі яек і птушынага мяса з Расеі зьвялі да мінімуму. У канцэрне “Белдзяржхарчпрам” сказалі, што расейскія мяса і мясапрадукты для далейшай перапрацоўкі не выкарыстоўваюцца.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі й харчаваньня таксама зазначылі: гандаль курыным мясам ажыцьцяўляецца якраз на вываз зь Беларусі.

Сытуацыю ўдакладняе кіраўнік Дзяржаўнай вэтэрынарнай інспэкцыі Аляксандар Аксёнаў:

Аксёнаў: “Мы з Расеі пастаўлялі толькі паўфабрыкаты: катлету, “згорнутую” курыцу, розныя палачкі й гэтак далей, якія былі ўжо тэмпэратурна ці хімічна апрацаваныя. А гэтая прадукцыя ніякай небясьпекі не ўяўляе.

Ну, і мы ўчора зьвязваліся з кіраўніком вэтэрынарнай службы Расеі, і ён патлумачыў: захворваньне зьявілася на прыватных падворках, завезьлі яго праз птушку з паўднёвых рэгіёнаў, якую потым прадалі на рынку. Ніякай небясьпекі для нас няма. Будзем уводзіць асаблівыя абмежаваньні, калі захворваньне раптам зьявіцца на расейскіх птушкафабрыках”.

На беларуска-расейскай мяжы спэцыяльны дагляд не праводзіцца, а прадстаўнік Бранскага ўчастку памежнай службы ФСБ Расеі Андрэй Бакін увогуле схільны лічыць, што за ажыятаж вакол птушынай эпідэміі адказныя журналісты.

Бакін: “Я, як афіцыйны прадстаўнік ФСБ Расеі на Бранскім участку памежнага ўпраўленьня, канстатую: у нас пакуль усё нармалёва. І ўвогуле, я сказаў бы: у бальшыні выпадкаў вашы выданьні беларускія вельмі шмат кажуць лішняга”.

Тым часам на буйных птушкафабрыках Маскоўскай вобласьці ўведзены карантын. У бальшыні расейскіх рэгіёнаў пачалі вакцынацыю хатняй птушкі.

Ад 1 сакавіка пад “хатні арышт” возьмуць і беларускіх кураў, а таксама іншых прадстаўнікоў птушынай хатняй фаўны. Перадусім, гэта тычыцца прылеглых да водных артэрыяў рэгіёнаў, дзе найбольш верагодныя кантакты зь дзікімі суродзічамі, якія хутка пачнуць вяртацца з поўдня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG