Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Ванда Лявіцкая (25.9.1895, мяст. Радашковічы (цяпер Маладэчанскі раён) — 8.12.1968, пас. Татарка, Стаўрапольскі край, Расея)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Старая беларуская хвароба, уласьцівая, на жаль, і многім нацыянальна арыентаваным суайчыньнікам, — выхаваная за два стагодзьдзі русіфікацыі расейскацэнтрычнасьць. Нашых мастакоў або пісьменьнікаў крытыкі абавязкова параўноўваюць з расейскімі. Вынаходніка субмарыны Казімера Чарноўскага называюць “беларускім Кулібіным”. А жонкі нашых палітвысланцаў пачатку 1930-х (пазьней ужо давалі канцлягер або расстрэльвалі), што паехалі ўсьлед за мужамі ў далёкія дзікія краі, ведама ж, бралі прыклад з жонак дзекабрыстаў. Зусім ня маючы на мэце паставіць пад сумнеў гераізм верных спадарожніц першых расейскіх рэвалюцыянэраў, заўважу, што іхні прыклад тут абсалютна не пры чым. Нашым жанчынам з пракаветных часоў (пагатоў цягам стагодзьдзяў яны мела нязьмерна болей правоў за расіянак) самім ставала мужнасьці, адвагі й рашучасьці, якім магла б пазайздросьць і сама нібыта мацнейшая палова нацыя.

Ванда Лявіцкая была адзінай дачкою пісьменьніка Ядзьвігіна Ш. (Антона Лявіцкага). Пасьля вышэйшай пачатковай вучэльні ў Радашковічах яна рыхтавалася да экзамэнаў на вясковую настаўніцу , але гэтаму перашкодзілі каталіцкае веравызнаньне і пачатак Першай сусьветнай вайны.

Далейшы шлях прыгажуні Ванды прадвызначыла сямейнае выхаваньне. Асталяваўшыся з 1914 году ў Менску, яна працавала ў “Беларускай кнігарні” і гарадзкой бібліятэцы імя А. Пушкіна, куды яе рэкамэндавала сама паэтэса Цётка. Потым была выхавацелькай і выкладчыцай у беларускіх дзіцячых прытулках і ў Першай менскай беларускай школе. У 1917-м Лявіцкая стала жонкаю палітыка, навукоўца і пісьменьніка, аднаго з будучых бацькоў БНР Язэпа Лёсіка. Іх зблізіла ня толькі каханьне, але і тое, што Ванда таксама займалася літаратурнай творчасьцю: друкавала вершы й апавяданьні ў “Нашай Ніве”, газэтах “Беларусь” і “Вольная Беларусь”.

Калі ў 1930-х Лёсіка арыштавалі па справе “Саюзу вызваленьня Беларусі”, Ванда, каб дзеці не загінулі ад голаду, бралася за любую працу — пасудамыйкі, разносчыцы тэлеграмаў, а як толькі гэта сталася магчымым, паехала да высланага мужа, каб дзяліць зь ім усе нягоды да паўторнага фатальнага арышту ў 1938-м.

Дзеці Лёсікаў — Люцыя, Алеся і Юры — у Беларусь не вярнуліся, на што, відаць, паўплываў трагічны лёс бацькі. Ванда па чарзе жыла ў іх у Расеі. Яна перажыла мужа на тры дзесяцігодзьдзі, а свой апошні спачын знайшла ў пасёлку Татарка на Стаўрапольшчыне, там, куды некалі прыехала да каханага Язэпа ў высылку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG