Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба запрасіць Лукашэнку ў Брусэль і пасадзіць яго за круглы стол зь іншымі прэзыдэнтамі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многія слухачы, якія пішуць нам у гэтыя лютаўскія дні, лічаць, што ў Беларусі й вакол яе склаліся спрыяльныя ўмовы, каб зьмяніць дачыненьні з Захадам — разбурыць тую нябачную сьцяну, якую ўзводзіла беларуская ўлада на заходніх межах дзяржавы на працягу апошніх дванаццаці гадоў.

Што для гэтага патрэбна зрабіць Беларусі, і якія сустрэчныя крокі мусіць зрабіць Захад?

Вось як разважае наконт гэтых пытаньняў у сваім лісьце на “Свабоду” Андрэй Сокал з Салігорскага раёну. Ён піша:

“Чаму Захад не ідзе насустрач Лукашэнку? Прэзыдэнт Беларусі за апошні месяц зрабіў ужо паўдзясятка заяваў пра тое, што гатовы да дыялёгу. Няўжо Захад хоча, каб прэзыдэнт незалежнай дзяржавы прыніжаўся і на каленях прасіў прызнаньня? Лукашэнка — не такі чалавек, прыніжацца ён ніколі ня будзе. А вось Захад можа беззваротна страціць магчымасьць далучыць да сябе Беларусь, калі будзе надта ўпарціцца.

Прапановы Лукашэнкі ЗША і Эўразьвяз павінны з удзячнасьцю прыняць і неадкладна распачаць перамовы. Для гэтага трэба запрасіць Лукашэнку ў Брусэль, пасадзіць яго за круглы стол зь іншымі прэзыдэнтамі й правесьці нармальны саміт “Беларусь — Эўразьвяз”. Беларусь — ня бедная сваячка, яна частка Эўропы. І зь ёй павінны лічыцца, як з паўнапраўнай эўрапейскай дзяржавай”.

Прыніжаць Беларусь ці беларускага прэзыдэнта лідэры заходніх дзяржаваў не зьбіраюцца, спадар Сокал. Але дзеля таго, каб распачаць дыялёг з Захадам, недастаткова адных толькі заяваў прэзыдэнта Лукашэнкі (нават калі іх прагучала шмат). Такі дыялёг наўрад ці адбудзецца, пакуль у турмах застаюцца палітычныя зьняволеныя й пакуль у Беларусі заводзяць новыя крымінальныя справы на палітычных апанэнтаў рэжыму.

Увогуле, патрабаваньні эўрапейскіх структураў да Менску ўжо на працягу многіх гадоў застаюцца ранейшыя — вызваленьне палітычных вязьняў, спыненьне перасьледу апазыцыі й недзяржаўных мэдыяў. Без выкананьня гэтых патрабаваньняў дыялёг зь беларускімі ўладамі, хутчэй за ўсё, немагчымы.

Аўтар наступнага ліста — Віктар Кляноўскі з пасёлку Друя Браслаўскага раёну. Ён піша:

“Майму сябру, які працуе ў калгасе, за сьнежань заплацілі 100 тысяч беларускіх рублёў. А ён працаваў цэлы месяц. Вось няхай бы прыехаў да нас Лукашэнка і паспрабаваў пражыць на гэтыя грошы месяц. Ці захацелася б яму пасьля гэтага падымаць калгасы?

У Канстытуцыі Беларусі запісана, што кожны беларускі грамадзянін мае права на дастойны ўзровень жыцьця. Дык чаму ўлада не забясьпечвае гэтага права? Ня можа? Тады няхай не замінае людзям самім шукаць спосабаў знайсьці працу і зарабіць.

Вось наш пасёлак Друя — на беразе Заходняй Дзьвіны. На другім беразе ўжо Латвія. Ведаю, што там патрэбныя людзі для працы ў сельскай гаспадарцы, будаўнікі. І заробкі там у шмат разоў вышэйшыя, чым у нас. Дык чаму тады не адкрыць у Друі пункт спрошчанага перасячэньня мяжы і не пусьціць людзей на заробкі? Трэба, каб і нашы людзі, як і грамадзяне Эўразьвязу, маглі бесьперашкодна выяжджаць праз раку, каб наведаць сваіх сяброў, сваякоў, ці знайсьці добрую працу”.

Бесьперашкодна перасякаць мяжу з Эўразьвязам і свабодна ўладкоўвацца там на працу беларускім грамадзянам у блізкай будучыні наўрад ці ўдасца, спадар Кляноўскі. Візавы рэжым, памежны і мытны кантроль, абмежаваньне працоўнай міграцыі — усё гэта вынікі й наступствы той вонкавай палітыкі, якую на працягу ўжо больш як дзесяці гадоў ажыцьцяўляе беларускае кіраўніцтва.

Увесь гэты час Менск арыентаваўся на Расею. А Эўразьвяз, натуральна, абараняе свае межы, эканоміку і працоўны рынак ад непажаданых мігрантаў з усходу.

Зьмяніць такі стан магчыма толькі тады, калі паміж Менскам і Брусэлем складуцца кардынальна іншыя дачыненьні. Эўразьвяз не зачыняе дзьвярэй перад Беларусьсю. І пра тое, што патрэбна, каб такія зьмены ў дачыненьнях адбыліся, у Менску добра ведаюць.

Да размовы пра лёс беларускай вёскі, пачатай у адной зь мінулых перадачаў Вячаславам Сухарэбскім зь вёскі Русіны Баранавіцкага раёну, далучыўся наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:

“Я ў свой час ужо зьвяртаўся ў Міністэрства сельскай гаспадаркі з такой прапановай — пабудаваць тры-чатыры домікі для асобнага аўтаномнага фэрмэрскага хутару. Дык міністэрства даслала такі злы адказ, што сорамна нават цытаваць яго. Пісаў і ў газэту — адтуль пераслалі ў міністэрства. Гэтай справе ўжо гадоў дванаццаць.

Я так разумею, што ўладзе проста нявыгадна, каб на зямлі быў прыватны гаспадар. Яны прывыклі да паншчыны, пры якой усім распараджаюцца самі. Калі я буду гаспадаром, дык ня дам ім парася “за так”. А ў калгасе яны могуць браць усё свабодна…

Гэтак жа яны і з калгасамі абыходзяцца: у аднаго зямлю забіраюць — другому даюць. І мінэральных угнаеньняў аднаму могуць даць удосталь, а другога абдзяліць, калі надта незгаворлівы. А колькі перайшло бульбы ды зерня праз мае рукі на дары начальнікам. Прыяжджалі ды бралі калгаснае як сваё ўласнае. З прыватніка гэтак не пацягнеш.

Думаю, так было, так і будзе, пакуль не паднімемся з каленяў”.

Так, спадар Сац, калгасная сыстэма вельмі зручная для аўтарытарнага рэжыму ўлады. Чалавек у ёй адчувае сябе паднявольным і цалкам залежным ад калгаснага начальства. Такім чалавекам лёгка маніпуляваць, дыктаваць яму сваю волю. А ўсё вырашчанае і вырабленае калгасьнікам належыць не яму, а дзяржаве — іншымі словамі, той жа ўладзе, якая распараджаецца плёнам працы паднявольнага калгасьніка.

Праблема для аўтарытарнага рэжыму ў тым, што зручная для яго калгасная сыстэма неэфэктыўная. Яна ня здольная існаваць без маштабных дзяржаўных субсыдыяў. Адарваны ад зямлі і ад уласнасьці чалавек — дрэнны працаўнік. І рана ці позна ўладзе давядзецца распачынаць рэальныя рэформы сельскай гаспадаркі: утрымліваць стратныя калгасы і далей дзяржава проста ня здольная. Асабліва ва ўмовах, калі зьнікаюць спадзяваньні на бескарысьлівую фінансавую дапамогу Расеі.

На заканчэньне некалькі ўрыўкаў зь лістоў слухачоў, якія пакіну бэз камэнтароў.

Нам піша Павал Давыдзенка з пасёлку Парычы Сьветлагорскага раёну:

“Колькі ў свой час было пабудавана за кошт чарнобыльскіх грошай у сельскай мясцовасьці жылых дамоў, крамаў, камбінатаў бытавога абслугоўваньня, лазьняў, сталовак. Усё гэта пры цяперашняй уладзе разьбілі, паламалі, зьнішчылі й пакралі…

Цяпер вось Лукашэнка зноў будуе аграгарадкі. А побач застаюцца абязьлюдзелыя пакінутыя вёскі. І каго ён загоніць у тыя гарадкі, калі заробак даглядчыка жывёлы ці даяркі — 150—160 тысяч рублёў? І гэта ж не абы-якая праца: усё жыцьцё па калена ў гноі, у гумавых ботах і ватоўцы, якая прапахла аміякам…”

Наступны ліст ад Марыі Ярэменкі зь Менску:

“Памятаеце, як Міхаіл Гарбачоў абвясьціў пра неабходнасьць новага мысьленьня, галоснасьці і адкрытасьці. Але потым гэтыя прынцыпы забылі й выціснулі. І пачалася сапраўдная вакханалія. Нам патрэбны штуршок, каб вярнуцца да тых працэсаў — і тады грамадзтва зноў будзе мець шанец на выздараўленьне”.

І яшчэ адзін ліст, аўтарка якога Іна Копаць з Ваўкавыску:

“Адрадзіць беларускую мову можна толькі тады, калі самі людзі захочуць размаўляць на ёй. Але як быць, калі паўсюль гучыць толькі расейская мова — з экрана тэлевізара, на нарадзе ў начальства, на сходах і ва ўстановах, на вуліцы. Атрымліваецца нейкае зачараванае кола: людзі ня хочуць размаўляць па-беларуску, бо мова не ўжываецца ў грамадзкіх месцах, а ўлада адмаўляецца мяняць статус мовы, спасылаючыся на тое, што гэтага ня хочуць людзі.

А ў выніку мы ўсе разам — і грамадзтва, і ўлада — губім сваю нацыянальную спадчыну, а разам зь ёй і будучыню сваёй незалежнай нацыянальнай дзяржавы”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG