Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэмакратычныя сілы сёньня будуць шукаць адзінства


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску адбудзецца пашыранае паседжаньне Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў з удзелам прадстаўнікоў Рады беларускай інтэлігенцыі, Нацыянальнага камітэту і Асамблеі няўрадавых арганізацый. Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, “на палітрадзе будзе разгледжана сытуацыя ў зьвязку з падрыхтоўкай да кангрэсу дэмсілаў, як яго зьмястоўная частка, так і арганізацыйна-тэхнічныя пытаньні”.

Паплечнік старшыні палітрады Аляксандра Мілінкевіча, Віктар Карняенка заявіў, што падчас паседжаньня будзе абмяркоўвацца заява Вінцука Вячоркі пра «кампраміс дзеля адзінства”. Спадар Карняенка заявіў: “Мы, як заўсёды, згодныя для працы дзеля адзінства і пошуку кампрамісаў. Таму калі будуць шукацца кампрамісы, мы згодныя іх шукаць. Мы заўсёды выступалі за адзінства, але не за дэмагогію вакол адзінства. Адзінства павінна быць у справе, і мы з гэтым згодныя, таму і будзем шукаць кампрамісу з усімі патрыятычнымі сіламі. Прапанова спадара Вінцука Вячоркі можа быць асновай для кампрамісу”.

Нагадаем, Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ня можа ўдзельнічаць у сакавіцкім Кангрэсе дэмсілаў. Паводле Мілінкевіча, такі Кангрэс прывядзе да разьяднаньня апазыцыі.

Пасьля гэтага старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка заклікаў Аляксандра Мілінкевіча і лідэраў дэмакратычных партыяў падпісаць да 25 лютага дамову пад назвай “Кампраміс дзеля адзінства”. Паводле спадара Вячоркі, гэта дазволіць зьберагчы адзінства і эфэктыўна выкарыстаць патэнцыял Аляксандра Мілінкевіча.

Лідэр партыі БНФ прапануе правесьці чарговы кангрэс дэмакратычных сілаў у траўні гэтага году і на ім абраць старшынём Палітычнай рады Аляксандра Мілінкевіча. Ён будзе мець шэраг паўнамоцтваў – склікаць палітраду, старшыняваць на яе паседжаньнях, узначальваць дэлегацыі пры міжнародных кантактах і на перамовах з уладай, кантраляваць дзейнасьць прэзыдыюму. Прапанову адносна абраньня Аляксандра Мілінкевіча, паводле спадара Вячоркі, мусіць зрабіць да пачатку кангрэсу цяперашняя палітрада.

Гл. таксама • Ці пойдзе апазыцыя на кампраміс дзеля адзінства?
XS
SM
MD
LG