Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяржук Вітушка: “Я ня веру, я ведаю”


Радыё Свабода Сяржук Вітушка — удзельнік праграмы “Ў што я веру”.

Калі я чую надта ўзьнёслыя воклічы: “Верую! Верую! Верую!”, дык у піку мне хочацца адказаць так: “А я, слава Богу, няверуючы”.

Калі мяне пачынаюць папікаць: “А ты, недавярак, няправільна жагнаешся. Трэба справа — налева”, а другі пераконвае: “Не, трэба зьлева — направа”. Дык я ім кажу, а якая мне розьніца, калі мне руку ампутавалі.

Так што ва ўсе гэтыя зьнешнія праявы веры...

Я шукаў...

Хацеў паверыць…

Але пераканаўся, што гэта ўсё прыдумкі людзкія й ня варта на іх асабліва зьвяртаць увагі. І ўвогуле задумаўся над фэномэнам веры.

На жаль, вельмі часта людзі свае мары выдаюць за веру. Адзін кажа... пераканаўча так кажа: “Я веру ў сьветлую будучыню Беларусі!” Думаю, што жыхары старадаўніх Атэнаў таксама верылі ў сьветлую будучыню свайго цудоўнага гораду. Думаю, што жыхары Вялікага Княства таксама верылі ў сьветлую будучыню свайго Вялікага Княства. Аднак, дзе тыя Атэны? Дзе тое Вялікае Княства?

Я, слава Богу, маю розум (трошкі розуму) і... я ня веру, я ведаю. Я ведаю, хто працуе, той мае. І чым больш працуе, тым больш мае. І калі працаваць, можа быць тады й будзе сьветлая будучыня ў Беларусі. І сам стараюся, колькі хапае маіх кволых сілаў, стараюся рабіць, каб тая сьветлая будучыня заблішчала.

Вера, мне здаецца, уласьцівая толькі дзецям. Дзіцё верыць, што ягоная мама самая прыгожая. Што ягоны тата ўсё ведае і ўсё ўмее рабіць. А потым чалавек сталее й набывае розум. І гэтым трэба ганарыцца. І гэтым трэба карыстацца.

Я ведаю, што ў маім народзе ёсьць многа разумных і добрых людзей. Я ведаю, што ў маім народзе ёсьць многа злых і дурных людзей. І я ведаю, што калі першыя – разумныя й добрыя – будуць старацца й будуць працаваць, то яны будуць кіраваць гэтай краінай. Яны напішуць законы, паводле якіх будзе жыць усё грамадзтва. Так што давайце больш ведаць, разумець. А веру пакінем нашым малым дзецям.

*** Сяржук Вітушка гісторык, журналіст і грамадзкі дзеяч. Скончыў Белдзяржунівэрсітэт. Працаваў у Менску ў філіі Музэю М.Багдановіча “Беларуская хатка”. У 1985-89 гадах кіраваў нефармальным моладзевым клюбам “Талака”. З 1991 году жыве ў Вільні.
XS
SM
MD
LG