Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні разьвітваюцца зь Юргай Іванаўскайце


Тацяна Поклад, Прага Вядомая літоўская пісьменьніца Юрга Іванаўскайце памерла 17 лютага ва ўзросьце 45 гадоў ад адной з найцяжэйшых формаў раку – саркомы. Юрга Іванаўскайце – празаік, эсэістка, драматург, мастачка, аўтарка казак для дзяцей і дарослых. Яе творы перакладзеныя на некалькі моваў, вядомыя таксама яе карціны і фатаздымкі. Некалькі яе кніг зьвязаныя з тэмамі Тыбэту – яго Іванаўскайце ведала з досьведу ўласных паездак.

Нядаўна літоўскі часопіс "Жанчына" абраў Юргу Іванаўскайце "Жанчынай году-2006".

Першае шырокае прызнаньне яна атрымала за раман “Вядзьмарка і Дождж” (1993), які меў супярэчлівыя ацэнкі крытыкаў. Фрагмэнты раману ў беларускім перакладзе віленскага літаратара і мастака Алега Аблажэя друкавала незалежная газэта “Наша ніва” на пачатку 1990-х гадоў, неўзабаве пасьля выхаду першага літоўскага выданьня.

Другая кніга вершаў Юргі Іванаўскайце “Ода радасьці” выйдзе ў літоўскім выдавецтве “Tyto alba” ўвесну сёлета, а 28 лютага ў Вільні будзе прэм’ера фільму “Замаўленьне грахоў” рэжысэра Альгімантаса Пуйпы, створанага паводле трох раманаў Юргі Іванаўскайце. Сьмерць пісьменьніцы спыніла яе працу над новым раманам, які застаўся незавершаным.
XS
SM
MD
LG