Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезьдзіў у Польшчу - не атрымаеш грашовай дапамогі


Міхал Карневіч, Горадня Улады абяцалі, што камунальныя паслугі на працягу года не падаражэюць больш, чым на 5-6 даляраў. Аднак ужо ў студзені гарадзенцы адчулі: жыць стала значна цяжэй.

У Рамана й Сьвятланы – двухпакаёвая кватэра ў новым мікрараёне. Разам зь імі жыве 16-гадовая дачка Вольга. За кухонным сталом п’ем каву, Раман раскладае жыроўку за студзень і параўноўвае яе са сьнежаньскай. Агулам кошты падвысіліся прыкладна на 6 даляраў, як і абяцалі ўлады. Але гэта здарылася ўжо ў першы месяц новага году.

Раман часьцей за жонку й дачку ходзіць за прадуктамі, таму заклікае ацэньваць жыцьцё ня толькі па коштах за камунальныя паслугі.

Раман: “Паглядзіце, пойдзеш на рынак, а там падаражалі цытрусавыя, што любяць дзеці дзеля вітамінак. Падаражала сьвініна й ялавічына, хоць трошкі, але ўжо падаражэлі рыбныя кансэрвы, на сто рублёў – крупы, малако цэльнае. І гэта за адзін месяц”.

Дарэчы, падвышэньня заробкаў за гэты час не адбылося ні ў аднаго з членаў сям’і. Наадварот, Раман скардзіцца, што яму ў “Гроднасельгаспраекце”, дзе ён працуе вахцёрам, затрымліваюць выплаты. Жончын жа заробак амаль цалкам ідзе на аплату камунальных паслугаў.

Раман: “На жыцьцё застаецца толькі купляць кашы й малако, батон з хлебам. Дзякуй, што зь лецішча яшчэ маем бульбу ды такія-сякія запасы”.

У пэнсіянэркі, спадарыні Марыі, трохпакаёвая кватэра. Сыны дарослыя, разьехаліся, а яна ня хоча мяняць жыльлё на меншае, бо прызвычаілася да раёну й суседзяў. Пэнсію спадарыня Марыя за больш чым 40 гадоў стажу мае 320 тысяч, за камунальныя аддала болей за 120 тысяч, хоць мае лічыльнікі на ваду. Наагул, размаўляць пра гэта ня хоча, бо такога жыцьця, як зараз, у яе не было.

Спадарыня Марыя: “Усё даражэе, нават малако й хлеб. Калі я куплю сабе нейкія вітаміны, то ўжо на яду не хапае, магу застацца галоднай”.

У шматдзетнай сям’і Лявона й Натальлі чацьвёра дзетак. Працуе адзін бацька, ягоны аклад прыкладна каля 750 тысяч, на маленькую Дар’ю дзяржава дапамагае яшчэ 110-ю тысячамі на месяц.

Пару гадоў таму яны прадалі двухпакаёвую кватэру й набылі недабудаваны дом побач з горадам. Вырашылі ўзяць крэдыт на тое, каб давесьці жытло да ладу, але дзяржава адмовіла. Чаму? Два гады таму, калі падводзілі газ, газавікі запатрабавалі падпісаць акт аб тым, што дом іх дабудаваны, інакш давялося б зімаваць з чатырма дзяцьмі без ацяпленьня. Давялося выбіраць.

Гаспадарыць у хаце Натальля. Вось як яна размеркавала бюджэт сям’і.

Натальля: “200 тысяч за газ, 60 тысяч за электрычнасьць паколькі ў нас насос на воду, тэлефон хатні, телефоны ў дваіх дзяцей, якія езьдзяць у горад у школу. Ну вось і лічы: недзе каля 300 тысяч на выдаткі. Застаецца трохі больш 400 тысяч на 6 членаў сям’і”.

Натальля кажа, што неаднойчы зьвярталася за дапамогай для сям’і ў сацыяльныя службы, да дэпутата, але вынікаў няма дагэтуль. А падставай для адмовы ў дапамозе сталася вось што.

Натальля: “Што ў нас былі пячаткі ў пашпарце, якія сьведчылі аб тым, што мы езьдзілі ў Польшчу. А мы езьдзілі туду не на гулянку, а дзеля таго, каб прывезьці будматэрыялы на дом, якія там значна таньнейшыя. А ў іх пастановах запісана: раз чалавек мае грошы на турыстычныя паездкі, то ён можа й астатняе...”
XS
SM
MD
LG