Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна будзе пастаўляць электраэнэргію ў Прыбалтыку і Польшчу празь Беларусь


Радыё Свабода Украінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка перакананы, што такія транзытныя краіны як Украіна і Беларусь, павінны стаць адной з канцэпцыяў эўрапейскага энэргетычнага праекту. “Энэргетычная бясьпека Эўропы павінна ў роўнай ступені ўлічваць інтарэсы пастаўшчыкоў, спажыўцоў і транзытных краінаў”, – заявіў украінскі лідэр у інтэрвію нямецкай Frankfurter Allgemeine Zeitung.

Ён падкрэсьліў, што замест структураванага эўрапейскага энэргетычнага рынку існуюць расейскія сувязі зь Нямеччынай, Францыяй, Брытаніяй. Паводле Віктара Юшчанкі, такое становішча не дае Эўропе магчымасьці “пазбавіцца ад шантажу двухбаковых дачыненьняў”.

На рэпліку журналіста нямецкага выданьня, ці не спрыяе “канфлікт паміж Лукашэнкам і Масквой вызваленьню гэтай важнай транзытнай краіны з-пад расейскага захопу”, Віктар Юшчанка адказвае:

“Я веру, што Беларусь вернецца ў эўрапейскае лона. Мы знойдзем шляхі для стварэньня добрага суседзтва. 80% расейскіх газавых паставак ідуць у Эўропу праз Украіну, а 20% праз Беларусь. Неабходна стварыць сытуацыю, каб гэтыя 20% не зьявіліся б праблемай для Эўропы. Аднак для гэтага нам патрэбны дыялёг, і я лічу, што першы крок павінен ісьці зь Менску. Калі наступныя шляхі будуць зробленыя ў агульнаэўрапейскім кантэксьце, я буду гэта вітаць”, – сказаў украінскі кіраўнік.

Тым часам у сакратарыяце прэзыдэнта Юшчанкі паведамляюць, што заплянаваны візыт у Кіеў беларускага кіраўніка, хутчэй за ўсё, адбудзецца 26 лютага. Ужо падрыхтаваны пакет дакумэнтаў, у падпісаньні якіх зацікаўленыя абедзьве дзяржавы. Адным з дакумэнтаў ёсьць пагадненьне, якое дазволіць забясьпечыць транзыт ўкраінскай электраэнэргіі празь Беларусь у Літву, Латвію і Польшчу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG