Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме можа зьявіцца вуліца імя Аляксандра Лукашэнкі


Іна Студзінская, Менск У Слоніме група энтузіястаў на чале са старшынём мясцовай філіі рэспубліканскага грамадзкага аб''яднаньня прадпрымальнікаў "Пэрспэктыва" Віктарам Марчыкам і дэпутатам мясцовага савета Вячаславам Астапчыкам выступіла зь ініцыятывай перайменаваць вуліцу Петралевіцкую ў вуліцу імя Аляксандра Лукашэнкі.

Побач са Слонімам знаходзіцца прыгарадная вёска Петралевічы, якую зьвязвае з горадам невялікая вуліца Петралевіцкая. Чаму менавіта Петралевіцкую вуліцу прапануюць перайменаваць у вуліцу Аляксандра Лукашэнкі, тлумачыць прадпрымальнік Віктар Марчык.

Марчык: "Вуліца вельмі страшная, па ёй прайсьці немагчыма, яна разьбітая. Я падумаў: калі Аляксандар Рыгоравіч наш паважаны дасьць сваю згоду перайменаваць вуліцу, то, натуральна, мясцовыя улады ня будуць таптаць імя Аляксандра Рыгоравіча ў такім брудзе, які яны топчуць там зараз".

Віктар Марчык вырашыў падключыць дэпутатаў мясцовага савету і сабраць ў падтрымку подпісы жыхароў вуліцы ды іншых слонімцаў. 35-гадовага Вячаслава Астапчыка абралі дэпутатам мясцовага савету толькі месяц таму.

Астапчык: "600 мэтраў усяго гэтай вуліцы. Асфальт ніхто не зьбіраецца класьці. Там прайсьці немагчыма, яміна на яміне. Для людзей прэзыдэнт -- гэта апошняя надзея. Ну а я як малады дэпутат павінен рабіць тое, што людзі хочуць".

Ініцыятыўная група сабрала больш за 200 подпісаў жыхароў Слоніма. Людзі падпісваліся ахвотна. Гутару з жыхаром Петралевіцкай вуліцы спадаром Іванам.

Карэспандэнтка: "Вы падтрымліваеце гэту ідэю?"

Спадар Іван: "Канечне!”

Карэспандэнтка: "Спадзяецеся, што калі пераймянуюць вуліцу, увага мясцовых уладаў будзе?"

Спадар Іван: "Так. Можа, зьверне увагу ён на нас, скажа: "Глянь, вуліца маім імем названая, а газу няма, людзі жывуць абы-як, ніякіх выгодаў".

Пра свае далейшыя дзеяньні распавядае Віктар Марчык.

Марчык: "Зьбіраў подпісы, потым склалі зварот дэпутацкі да старшыні райвыканкаму, накіравалі гэты зварот таксама на адрас: Менск, вуліца Карла Маркса, 38, прэзыдэнту. А трэцяе, калі не атрымаецца нічога, то як хадакі зьбяром тут групу бабуль, пэнсіянэраў і запішамся да яго на прыём".

У сьвеце лічаныя адзінкі прыкладаў, калі вуліцы называлі імем чалавека пры ягоным жыцьці. За выключэньнем Паўночнай Карэі і Туркмэністану, можна прыгадаць яшчэ Польшчу. У 1980-я гады ў Варшаве зьявілася вуліца Яна Паўла другога, тагачаснага Папы Рымскага. Віктар Марчык сам ня надта верыць у тое, што кіраўнік Беларусі падтрымае ягоную ідэю.

Марчык: "Наша мэта -- прыцягнуць ягоную увагу. Ён, магчыма, згоду ня дасьць, але яму захочацца потым прыехаць у Слонім і паглядзець, што за вуліцу хацелі перайменаваць яго імем. Наша адміністрацыя мясцовая, калі ў яе ёсьць розум, гэтую вуліцу ўпарадкуе да ягонага прыезду".
XS
SM
MD
LG