Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю. Барысевіч: "Беларускамоўныя маглі б утварыць новую арыстакратыю"


Вольга Караткевіч, Прага Літаратар Юрась Барысевіч – госьць "Начной Свабоды" 16-га лютага, аўтар "Начной Чытанкі" мінулага тыдня

Караткевіч: " У "Начной чытанцы" гучалі Вашыя творы, напісаныя для Інтэрнэту – якое адчуваньне: што больш запатрабаванае цяпер – друкаванае ці інтэрнэтнае слова?"

Барысевіч: "Аўдыторыя розная. Людзі старэйшага пакаленьня ці тыя, што ня надта прызвычаіліся працаваць з кампутарам, аддаюць перавагу паперы, а да кампутарных тэкстаў ставяцца паблажліва. Напрыклад, Валянцін Акудовіч. А моладзь пераважна чытае з кампутара. Гэта заўважна - менш прадаецца кніг, менш часопісаў выдаецца, зьнік амаль самвыдат. Па-свойму, гэта вялікая страта для культуры, але вось нараджаюцца такія формы электронныя".

Караткевіч: "Як, на Вашую думку, ці спрыяе пераход таленавітых людзей у Інтэрнэт большай рэалізацыі творцы? Ці мяняла гэта кантакты зь людзьмі?"

БЛОГі робяцца СМІ, уплывовай трыбунай

Барысевіч: "Так, калі асабліва распаўсюдзілася БЛОГафэра, найбольш вядомая як Жывы Дзёньнік. Многія літаратары захапіліся гэтым, але найперш журналісты. Асабліва гэта заўважна ў расейскамоўным сэктары. Некаторыя журналісты выказваюцца больш вольна ў БЛОГах, набралі там вялікую аўдыторыю - тысячы, дзясяткі тысяч чытачоў. Гэта ўплывовая трыбуна, такія блогі робяцца варыянтам СМІ. Са свайго боку традыцыйныя сродкі - тэлеканалы, газэты, радыёстанцыі таксама маюць свае ня толькі сайте, але й БЛОГі ствараць". Taту: напэўна, чалавеку не хапае прыроджаных ворганаў

Караткевіч: "Юрась Барысевіч нарадзіўся ў 1966 годзе ў Менску, пачаў пісаць з 13 гадоў, спачатку па-расейску, пасьля па-беларуску. Як гэта адбылося?"

Барысевіч: "Гэта быў 88 год. Выпадкова пазнаёміўся зь некаторымі заснавальнікамі суполкі "Талака". Працаваў піянэрважатым у лягеры, там працавалі людзі з "Талакі". Яны мяне ўразілі высокім узроўнем культуры, адукаванасьці. Потым пазнаёміўся ў 1989 годзе зь вядомым культуролягам Алесем Анціпенкам, ён таксама тады быў расейскамоўным, працаваў у АН, разам з ім пачалі вучыць беларускую мову. Ня толькі на размоўным, але і на пісьмовым роўні. Потым пазнаёміўся з Акудовічам, ён мяне і прыцягнуў у беларускамоўны друк".

Караткевіч: "Юрась Барысевіч аўтар дзьвюх кніг, мастацтвазнаўчых артыкалаў "Цела і Тэкст" і эсэістыкі Alter nemo. А як Вы ставіцеся да татуіроўкі, нанясеньня на цела малюнкаў, тэкстаў, знакаў?".

Барысевіч: "Я ведаю, што Біблія не ўхваляе такога варыянту літаратурнай творчасьці:) Але ёсьць іншыя крыніцы нашай цывілізацыі - у першабытныя часіны кожны чалавек, прынамсі, кожны мужчына быў прататуяваны, каб можна было здалёк адрозьніць чалавека свайго племені. Гэта быў своеасаблівы пашпарт чалавека. Цяпер гэтая мода аднавілася, стала папулярнае тату сярод моладзі. Напэўна, чалавеку не хапае прыроджаных ворганаў. Татуіроўкі ды іншыя такія прылады, кшталту пірсінгу, ствараюць новую тэрыторыю нашаг цела, робяць нашае цела больш цікавым, адметным. Зараз мы робімся вельмі падобнымі адно да аднаго, а тату дапамагае адчуць сябе непаўторным".

Караткевіч: "Самі не спрабавалі?"

Барысевіч: "У дзяцінстве. Зноў жа ў піянэрскім лягеры, але ўдалося"

Караткевіч: "Вы - адзін з удзельнікаў фэстаў пэрформансаў. Які на Вашую думку быў самы яркі пэрфомэнс у Беларусі і ўвогуле ўзгадайце пэрфомэнс, які найбольш уразіў"

Барысевіч: "Цяжка назваць лепшае. Яны ў розных жанрах. Але можна вылучыць два палюсы - адзін больш блізкі да спэктаклю, дзе аўтар прыдумляе сцэнар, бярэ шмат асістэнтаў, запрашае журналістаў, прадумвае ўсё. Прыклад - Алесь Пушкін. Ва ўсім сьвеце ведаюць акцыю ў дзень заканчэньня афіцыйных паўнамоцтваў Лукашэнкі, калі Алесь прывёз да прэзыдэнцкага будынку вазок гною, прышпіліў партрэт да гною. Яна сапраўды акцыя вядомая, я лістуюся з амэрыканскімі, расейскімі пэрформэрамі, яны ведаюць пра гэта. Бо Пушкін па-свойму хітры чалавек: запрашае журналістаў, яны падрабязна дакумэнтуюць, перадаюць на ўвесь сьвет. Гэтым крыху страхуецца ад непрыемных нечаканасьцяў. А з іншага боку гэта слушная стратэгія. Пушкін усё жыцьцё кажа, што мала нешта добра зрабіць, трэб гэта яшчэ добра задакумэнтаваць, каб застацца ў гісторыі мастацтва. А яму ўдаецца застацца яшчэ і ў гісторыі палітыкі.

Другі полюс - гэта імправізацыя. Напэўна, Віктар Пятроў, дырэктар фэстывалю "Навінкі" можа быць узорам. Ён заўсёды прыдумляе па ходзе акцыі".

Дапрос палонных – гэта і тактыка журналіста

Караткевіч: "Юрась Барысевіч скончыў факультэт французскай мовы Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, працаваў перакладчыкам у вытворчым аб''яднаньні Інтэграл. Юры, аднойчы Вы мне расказвалі, што ў часе навучаньня ў вас быў прадмет – як праводзіць допыт. Якія правілы?"

Барысевіч: "Ну, сапраўды, там такая спэцыяльнасьць дапытваць палонных, пісаць улёткі. Гэта вельмі нагадвае прафэсію журналіста. Я пасьля некаторыя правілы скарыстоўваў, калі працаваў журналістам. Напрыклад, рабіць выгляд, што ведаеш, больш, чым твой суразмоўца, каб той пастараўся табе сам паболей расказаць. Ці, напрыклад, задаваць пытаньні строгім, лягічным плянам, каб заблытаць аб''ект. Розныя прыклады псыхалягічнага ціска... Гэта можна выкарыстоўваць, калі бярэш інтэрвію":)

Караткевіч: "Вы працуеце ў часопісе "Optimist". Што гэта за часопіс?

Барысевіч: "Ён існуе пры арганізацыі Міжнародны зялёны крыж, якую заснаваў Міхаіл Гарбачоў. Ён дагэтуль вельмі папулярны на Захадзе, у яго шмат сяброў сярод сусьветных лідэраў. Гэта дапамагае браць цікавыя матэрыялы, інтэрвію, артыкулы розных вядомых людзей. Напрыклад, у апошнім нумары дырэктар Сусьветнай гандлёвай арганізацыі распавядаў, чаму зайшоў у тупік раўнд перамоваў - Эўразьвяз і ЗША хочуць падтрымаць сваіх фэрмэраў, а краіны "трэцяга сьвету" хочаць больш гандляваць.

Гэты часопіс выходзіць на ангельскай мове, але робіцца невялікі наклад і па-расейску. Распаўсюджваецца пераважна па падпісцы".

Каб быць аптымістам, трэба мець чыстае сумленьне

Караткевіч: "Юрась, а як стаць аптымістам?"

Барысевіч: "Я ведаю, што самымі шчасьлівымі народамі лічацца лацінаамэрыканцы. Яны шмат ядуць садавіны і шмат танцуюць. І не бяруць да галавы розныя праблемы. Ва ўсякай сытуацыі шукаюць прыемны бок. Паколькі мы ўсё ж эўрапейцы, для нас, відаць, галоўнае, каб было чыстае сумленьне. Трэба мець нейкія ідэалы і

Караткевіч: "Як актыўна Вы цяпер сочыце за палітыкай? Яна ўплывае на творчасьць?"

Барысевіч: "Цяпер менш, чым раней. Вось у канцы 80-х, пачатку 90-х я таксама часта хадзіў на маніфэстацыі. А потым неяк надакучыла, бо стварылася такая сыстэма, якую цяжка зварухнуць тымі мэтадамі, якія даўно не зьмяняюцца. Трэба абнаўляць нам ня тое што кіруючыя кадры апазыцыі, а ідэі. Павінны быць новыя ідэі. Ня надта іх і шукаюць".

Караткевіч: "У працяг нашай перадачы "У што я веру?" - у што верыце Вы?"

Барысевіч: "Я веру, што наш народ будзе жыць лепш, чым цяпер. Прынамсі, бальшыня народу. Тыя, хто гэтага вартыя. А беларускамоўныя гэтага вартыя. Я лічу, што гэтыя людзі ў іншых абставінах маглі б утварыць новую арыстакратыю, шляхту, бо ў цяперашнім часе патрэбныя немалыя высілкі, каб заставацца беларускамоўным чалавекам у жыцьці".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG