Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады не адзначаюць 70-годзьдзе масавых рэпрэсіяў?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: старшыня незарэгістраванай Рады беларускай інтэлігенцыі, сябра Аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў Уладзімер Колас і старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька.

Валер Карбалевіч: “У гэтым годзе спаўняецца семдзесят гадоў з часу, калі ў СССР праводзіліся найбольш масавыя рэпрэсіі. 1937 год стаў найбольш трагічным годам сталіншчыны.

У Беларусі створаны грамадзкі аргкамітэт для адзначэньня гэтай даты. Ён лічыць неабходным аб’явіць 2007-мы Годам памяці, а 29 кастрычніка — Днём памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Чаму грамадзкасьць падымае гэтую тэму? Ці патрэбна, варушыць мінулае? Ці актуальная праблема?”

Уладзімер Колас: “Пытаньне рытарычнае. Проста па-чалавечы трэба ўшанаваць памяць бязьвінных ахвяраў. 1937 год сымбалізуе гэтыя рэпрэсіі. У Беларусі гэта актуальна, бо гэтую памяць імкнуцца схаваць. Самае страшнае, што гэтую інфармацыю імкнуцца ўтойваць ад маладога пакаленьня. Гэтыя факты выдаляюцца з падручнікаў.

Створаная “Лінія Сталіна”, аднаўляюцца помнікі такім монстрам, як Сталін, Дзяржынскі. Сталінізм аднаўляецца і ў дзеяньнях. Што такое ілжэсьведкі-міліцыянты на працэсах над прадстаўнікамі апазыцыі, якія сьведчаць пра тое, чаго не было? А фальсыфікацыя выбараў? А рэпрэсіі датычна свабодных мэдыяў?

Усё гэта адбываецца таму, што наша грамадзтва не ацаніла належна тыя падзеі, не зрабіла адпаведных высноваў”.

Тацяна Процька: “На жаль, шмат з таго, што было ў 1930-я гады ў БССР, сёньня мае месца ў нашым жыцьці. Дзякаваць Богу, не ў такіх вялікіх памерах, як тады. Але рэпрэсіі супраць іншадумцаў набіраюць моц.

На жаль, моладзь ня ведае пра тыя рэпрэсіі. Яна больш ведае пра зьверствы гестапа, чым НКВД. Рэч у тым, што наша ўлада ўзнаўляе важныя элемэнты савецкага часу ў цяперашнім грамадзка-палітычным, эканамічным жыцьці Беларусі. І каб надаць савецкаму часу пазытыўны вобраз, замоўчваюць злачынствы.

Рэпрэсіі былі неабходнай часткай савецкага дзяржаўнага ладу. Бязь іх ён ня мог існаваць. Калі народ губляе памяць, ён робіць тыя ж памылкі, і ўсё можа паўтарыцца”.

Карбалевіч: “КДБ у адказ на зварот Аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў адмовіўся ствараць адпаведны дзяржаўны аргкамітэт. Як можна пракамэнтаваць адказ КДБ?”

Колас: “Гэты адказ прадказальны. Дарэчы, гэта адзіны адказ, які атрымаў наш аргкамітэт на звароты, накіраваныя ў самыя розныя інстанцыі, у тым ліку і да кіраўніка дзяржавы. Можна меркаваць, што КДБ даручана сфармуляваць агульны адказ.

Хоць фармальна КДБ адмежаваўся ад рэпрэсіяў, але праблема ў тым, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі не зрабіў прынцыповых высноваў з падзеяў 1930-х гадоў. Шмат тых традыцыяў жывуць у дзейнасьці КДБ, вызначаюць маральны ўзровень ягоных супрацоўнікаў.

Мы павінны спадзявацца ў такой сытуацыі не на дзяржаву, а на сябе, на людзей добрай волі. Мы ня будзем парушаць законаў, але патрэбна прыйсьці да помнікаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, ушанаваць іхную памяць. Кожны можа да нас далучыцца”.

Процька: “Старшыня КДБ агучыў меркаваньні кіраўніцтва краіны. У нас дзяржаўная ідэалёгія не скіраваная на асуджэньне сталінскіх рэпрэсіяў, самаго Сталіна. Бо гэта можа падарваць існую ў Беларусі палітычную сыстэму. Бо і цяпер у нас адбываюцца пэўныя рэпрэсіі, парушэньне правоў чалавека — як неабходная частка сыстэмы.

Страшна тое, што мы цяпер выхоўваем людзей, якія нармальна ставяцца да ўзнаўленьня рэпрэсіяў. Трэба біць у званы, каб гэтага не было”.

Карбалевіч: “Сапраўды, як адзначалі мае суразмоўцы, адбываецца ціхая рэабілітацыя Сталіна (будаўніцтва мэмарыялу “Лінія Сталіна”, трансьляцыя фільму “Генэралісымус” у прайм-тайме БТ), нэгатыўнае стаўленьне да мэмарыяльнага комплексу “Курапаты” ды іншае. Вы лічыце, што ідэя ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў не стасуецца зь дзяржаўнай ідэалёгіяй Беларусі?”

Колас: “Гэта выцякае з сутнасьці беларускай улады. А ідэалёгія — сродак апраўданьня і ўтрыманьня ўлады. Таму ўжываецца стары савецкі багаж: страх, адміністрацыйная эканоміка, імітацыя народнай падтрымкі з дапамогай выбараў. Усё гэта не адпавядае парамэтрам сучаснай цывілізацыі.

Адна зь міталягемаў сучаснай дзяржаўнай ідэалёгіі даводзіць, што таталітарныя мэтады, ідэя моцнай рукі — тое, што трэба беларусам. Гэта Захаду патрэбная дэмакратыя. А нам патрэбны бацька, які дубінаю будзе ўсіх вучыць. Страшна тое, што на гэтых догмах выхоўваецца моладзь”.

Процька: “Я большая аптымістка. Я лічу, што ў дзяржаўных мэдыях будзе згаданы гэты сумны юбілей, будзе асуджэньне масавых рэпрэсіяў. Але будуць і апраўданьні гэтых злачынстваў. І людзі атрымаюць паўпраўду.

Таму і трэба, каб гэты грамадзкі аргкамітэт публічна ўшаноўваў памяць ахвяраў. Трэба не спадзявацца на дзяржаву, а рабіць самім — каб даць праўдзівую ацэнку тым падзеям, каб крывавыя старонкі гісторыі не паўтарыліся”.

Карбалевіч: “Такім чынам, адзначэньне 70-годзьдзя сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі стала індыкатарам стаўленьня розных палітычных сілаў да ідэі палітычных рэпрэсіяў увогуле, праблемы абароны правоў чалавека. Можна сказаць, што беларускія ўлады, адмаўляючыся ад афіцыйнага адзначэньня гэтай даты, паказваюць свой палітычны твар”.
XS
SM
MD
LG