Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітру Дашкевічу ў турме не дазваляюць карыстацца грашыма


Алег Грузьдзіловіч, Менск Праваабаронцы вылучылі Зьмітра Дашкевіча кандыдатам на атрыманьне прэміі Робэрта Кенэдзі. Справа аб умоўна-датэрміновым вызваленьні Паўла Севярынца адкладзеная. Мікалай Статкевіч і Артур Фінькевіч на амністыю не спадзяюцца. Аляксандар Казулін застаецца на адмысловым рэжыме выхаду з галадоўкі.

Вольга Дашкевіч: "Яны ж чыесьці дзеці, у іх таксама ёсьць дзеці. Чаму не дазволіць?"

Беларускія праваабаронцы зьбіраюцца вылучыць лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча кандыдатам на атрыманьне ганаровай прэміі Робэрта Кенэдзі. Гэтай прэміяй штогод ушаноўваюць сьмелых людзей, якія ахвяруюць сабой, рызыкуюць жыцьцём, якіх перасьледуюць улады. Вылучэньне кандыдатуры Зьмітра Дашкевіча на прэмію Робэрта Кенэдзі падтрымалі праваабаронцы Алег Волчак, Людміла Гразнова, Іна Кулей, Міхаіл Пастухоў, Гары Паганяйла.

Маці актывіста Вольга Дашкевіч сказала, што адразу напіша сыну ў калёнію пра гэтую навіну. Паводле жанчыны, гэтае вылучэньне – вялікі гонар для ўсёй сям’і Дашкевічаў.

З апошняга ліста сына дамоў Дашкевічы даведаліся, што іх сыну дагэтуль не дазваляюць карыстацца грашыма, якія яму дасылалі сваякі і сябры яшчэ ў мінулым годзе. Грошы ляжаць на рахунку, але набыць на іх нічога немагчыма.

Дашкевіч: “Не даюць яму дагэтуль тыя грошы. Ужо напісала яму, хай пагаворыць з тымі начальнікамі, яны ж чыесьці дзеці, у іх таксама ёсьць дзеці. Чаму не дазволіць? Хай бы купіў сабе якіх харчоў у турэмнай краме, у яго ж хворы страўнік”.

Бацька П.Севярынца на камісію не спадзяецца

На гэтым тыдні камісія папраўчай установы ў Наваполацку мусіла разгледзець справу актывіста Паўла Севярынца наконт ягонага ўмоўна-датэрміновага вызваленьня. Але паседжаньня не адбылося, яно перанесенае на будучы тыдзень. Аднак бацька актывіста Канстанцін Севярынец на гэтую камісію асабліва не спадзяецца.

Севярынец: “На 20-е лютага Паўла ўжо выклікаюць туды, у Наваполацк, і будзе разглядацца пытаньне аб яго ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Але, як сказаў начальнік гэтай папраўчай установы, пэрспэктываў ніякіх. Бо ён ня стаў “на шлях выпраўленьня”. А што гэта значыць, ніхто ня ведае”.

М.Статкевіч: да сакавіцкіх падзеяў нікога з палітвязьняў ня вызваляць

Паводле загаду кіраўніцтва краіны ў міністэрстве ўнутраных спраў пачалі рыхтаваць дакумэнты да амністыі асуджаных, якія зрабілі няцяжкія злачынствы. Назіральнікі ўжо ацэньваюць шанцы палітвязьняў на датэрміновае вызваленьне паводле амністыі. Некаторыя мяркуюць, што найбольшыя шанцы маюць Мікалай Статкевіч, Артур Фінькевіч, Павал Севярынец, Кацярына Садоўская.

Мікалай Статкевіч, аднак, на амністыю спадзяецца мала – прынамсі, да сакавіцкіх падзеяў, як ён перакананы, нікога з палітвязьняў ня вызваляць. Артур Фінькевіч перакананы, што палітвязьняў амністыя ўвогуле ня будзе тычыцца, бо яны “ня сталі на шлях выпраўленьня”. А тлумачыцца гэтая кампанія выключна тым, што ў турмах няма месцаў, каб зьмясьціць новых і новых зьняволеных, мяркуе актывіст.

Фінькевіч: “Калі сёлета не правядуць амністыю, то трэба будзе будаваць дзьве новыя зоны. Лічу, тут няма абсалютна ніякага палітычнага моманту”.

Гэта меркаваньне Артура Фінькевіча наконт вэрсіі, што амністыя задуманая ўладамі найперш каб фактычна выканаць патрабаваньне Захаду аб вызваленьні палітвязьняў.

А.Казуліна працягваюць трымаць на асобным рэжыме

Былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна яшчэ да 1-га сакавіка будуць утрымліваць на асобным рэжыме: яму дазваляюць не працаваць, набываць адмысловыя харчы ў краме, самому гадаваць сабе адмысловую ежу. Такое рашэньне адміністрацыя прыняла пасьля мэдычнага агляду Аляксандра Казуліна: дактары вырашылі, што ён яшчэ не ачуняў ад галадоўкі.
XS
SM
MD
LG