Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пойдзе апазыцыя на кампраміс дзеля адзінства?


Алесь Дашчынскі, Менск Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка заклікаў Аляксандра Мілінкевіча і лідэраў дэмакратычных партый падпісаць да 25 лютага дамову пад назвай “Кампраміс дзеля адзінства”. Паводле спадара Вячоркі, гэта дазволіць зьберагчы адзінства і эфэктыўна выкарыстаць патэнцыял Аляксандра Мілінкевіча. Як на гэтую прапанову рэагуюць іншыя палітыкі?

Лідэр партыі БНФ прапануе правесьці чарговы кангрэс дэмакратычных сілаў у траўні гэтага году. На ім абраць старшынём Палітычнай рады Аляксандра Мілінкевіча. Ён будзе мець шэраг паўнамоцтваў – склікаць палітраду, старшыняваць на яе паседжаньнях, узначальваць дэлегацыі пры міжнародных кантактах і на перамовах з уладай, кантраляваць дзейнасьць прэзыдыюму. Прапанову адносна абраньня Аляксандра Мілінкевіча, паводле спадара Вячоркі, мусіць зрабіць да кангрэсу цяперашняя палітрада.



Калякін: “Я ня вельмі ўпэўнены, што такі кампраміс можа быць знойдзены”

Лідэр партыі ПКБ Сяргей Калякін сказаў:

Калякін: “Тое, што прапанаваў Вінцук Вячорка, у корані мяняе падыход, які быў закладзены ў дадзены кангрэс. Гэта трэба абмяркоўваць. Я вітаю тое, што ёсьць спробы нейкія, каб знайсьці кампраміс. Але я ня вельмі ўпэўнены, што такі кампраміс можа быць знойдзены”.

Бухвостаў: “Прапановы, якія цяпер зроблены, ня ўлічваюць сытуацыю”

Паводле сябра палітрады, старшыні аргкамітэту кангрэсу Аляксандра Бухвостава, крызыс унутры аб’яднаных дэмсілаў паглыбіцца:

Бухвостаў: “Калі ня будзе знойдзены кансэнсус, значыць, проста ня будзе аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Значыць, будуць два кангрэсы. Адзін будзе кангрэс, які адных аб’яднае, а другі – іншых. Я лічу, што прапановы, якія цяпер зроблены, ня ўлічваюць сытуацыю. Ідзе спроба зноў праціснуць тыя рашэньні, якія былі на мінулым кангрэсе, без уліку новых палітычных рэалій. Цяпер ужо ёсьць блёк левых сіл, які не пагодзіцца з гэтым”.

Заява спадара Вячоркі прагучала пасьля таго, як Аляксандар Мілінкевіч адмовіўся ад удзелу ў плянаваным на сакавік кангрэсе дэмсілаў. На ягоную думку, такі кангрэс прывядзе да разьяднаньня апазыцыі.

Лябедзька: “Будзем разглядаць пытаньне, як выкарыстаць патэнцыял А.Мілінкевіча, якую яму нішу для гэтага выдзеліць”

Паводле лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, у заяве старшыні партыі БНФ няма нічога новага. Гэта паўтарэньне таго, што існуе ў старым пагадненьні і што абмяркоўвалася падчас новай дыскусіі. Маўляў, апошнія дзеяньні каманды спадара Мілінкевіча прывялі да падзеньня яго палітычных акцый.

Лябедзька: “Трэба пазбавіцца ад ультыматумаў, трэба ўсё ж дамаўляцца. Пытаньне лідэра трэба вынесьці за межы кангрэсу. Разам з тым, мы гатовы і будзем разглядаць пытаньне, як выкарыстаць патэнцыял Аляксандра Мілінкевіча, якую яму нішу для гэтага выдзеліць. Гэта будзе больш складана, чым два тыдні таму, але, я думаю, як канструктыўная палітычная сіла мы гатовы разглядаць гэта і сёньня”.

Адзінству няма альтэрнатывы

Паводле Вінцука Вячоркі, аб’яднаныя дэмсілы павінны распрацаваць праграму пераадоленьня крызысу ў краіне і ўмацаваньня яе незалежнасьці. Трэба пераканаць Эўразьвяз і ЗША, што эканамічная дапамога Беларусі мусіць увязвацца з патрабаваньнямі дэмакратызацыі. Таксама, паводле Вінцука Вячоркі, неабходна вымусіць беларускія ўлады пайсьці на перамовы аб правядзеньні свабодных выбараў. Усе гэтыя задачы можна выканаць толькі пры ўмове адзінства дэмсілаў.
XS
SM
MD
LG