Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Канец цытаты": 10 - 16 лютага


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Тыя чуткі пра фальшаваньні, якія выказваюцца ў сродках масавай інфармацыі, часьцяком бываюць перабольшаны. Дэлегаты кангрэсу не прызнаюцца збольшага на падставе таго, што яны зрабілі памылкі ці зьбіралі подпісы з парушэньнямі палітычнага пагадненьня і інструкцый, якія зацьвярджаліся аб’яднанымі дэмсіламі. Але казаць пра масавыя фальшаваньні – гэта хлусьня. Няма ніякага масавага фальшаваньня подпісаў”.

Уладзімер Лабковіч, старшыня Цэнтральнай наглядальнай камісіі – пра вылучэньне кандыдатаў на кангрэс дэмакратычных сілаў.

“У Расеі няма эфэктыўнай вонкавай палітыкі, калі гэта не зьвязана зь нечымі асабістымі інтарэсамі. Але раней ці пазьней расейскі народ устане з каленяў і прымусіць праводзіць тую палітыку, якую трэба”.

“Сёньня Беларусь фактычна знаходзіцца ў складзе Расеі, больш чым у складзе Расеі, расейскаму чалавеку тут лепей, чым у самой Расеі”.

“Расея ніколі больш ня будзе імпэрыяй. У Расеі няма для гэтага рэсурсаў. Вы кавалкамі ўсё страцілі. Усё. Выключна прычынай таму і віна вы самі”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – у інтэрвію рэдактару газэты “Завтра” А. Праханаву, якое было прадстаўлена на сайце радыёстанцыі “Эхо Москвы”.

“Лукашэнка спадзяецца на падтрымку аднаго зь некалькіх расейскіх палітычных клянаў. І гэта ёсьць чарговая спроба зноў разагрэць унутрырасейскія таргі вакол Беларусі, якім чынам яе паглынаць – з Лукашэнкам пры ўладзе ці арганізоўваць нейкага свайго стаўленьніка на пэрыяд пасьля Лукашэнкі, праз тры гады”.

Вінцук Вячорка, старшыня партыі БНФ – пра інтэрвію А. Лукашэнкі рэдактару газэты “Завтра” А. Прахаванаву, якое было прадстаўлена на сайце радыёстанцыі “Эхо Москвы”.

“Гаворка ідзе пра рэпрэзэнтатыўнае агульнанацыянальнае апытаньне – 3,5 працэнтаў беларускіх рэспандэнтаў адказалі, што Беларусь магла б увайсьці ў склад Расеі на правах суб’екта фэдэрацыі. А наконт адной траціны, пра якую казаў прэзыдэнт, я не ведаю, як праводзілася апытаньне. Зараз адносіны да Расеі пагоршыліся. За апошні месяц у сувязі з гэтым канфліктам газа-нафтавым прыкладна на 10 працэнтаў паменшылася жаданьне беларусаў увайсьці ў саюз з Расеяй. Цяпер расейская грамадзкая думка лічыць, што вінаваты беларускі бок, а беларускі вінаваціць расейскі. Такая клясычная сытуацыя”.

Андрэй Вардамацкі, кіраўнік сацыялягічнай лябараторыі “Новак” – пра заяву А.Лукашэнкі , што толькі траціна беларусаў хочуць аб’яднаньня з Расеяй.

“Экспэртаў у Расеі не цікавіць колькасьць людзей, якія хочуць аб’ядноўвацца з Расеяй. Нас цікавіць, каб Беларусь была свабоднай дзяржавай. І каб Беларусь кіравалася людзьмі, якія абіраюцца народам Беларусі. Расея будзе абапірацца на таго палітыка, якога абярэ народ Беларусі. Але зусім відавочна, што спадар Лукашэнка не адносіцца да гэтых палітыкаў. У Расеі ўсе кажуць, што наканаванае Лукашэнку прыйдзе, і даволі хутка”.

Сяргей Караганаў, старшыня расейскай Рады зьнешняй і абароннай палітыкі – пра інтэрвію А.Лукашэнкі рэдактару газэты “Завтра” А.Прахаванаву, якое было прадстаўлена на сайце радыёстанцыі “Эхо Москвы”.

"Зразумела, што гэта ўжо не пагроза адыйсьці ад Расеі, гэта ўжо атака на сёньняшняе расейскае кіраўніцтва. Лукашэнка пераходзіць ад апазыцыйнай барацьбы да сапраўднай бітвы, і менавіта сёньня ён аказвае ціск на расейскае кіраўніцтва, бо вельмі для яго карысна складваюцца абставіны: ЗША прапанавалі Чэхіі і Польшчы паставіць там супрацьракетныя базы".

Аляксандар Фядута, публіцыст і палітычны аналітык – пра інтэрвію А.Лукашэнкі рэдактару газэты “Завтра” А.Прахаванаву, якое было прадстаўлена на сайце радыёстанцыі “Эхо Москвы”.

"Тут самае галоўнае – мець адзіную пазыцыю і адзін голас па гэтым пытаньні. Гэта азначае, што ў прынцыпе кансультацыі на прадмет перамоваў і дыялёгу ісьці могуць. А самі перамовы – гэта пытаньне, пра якое яшчэ вельмі рана гаварыць. Сёньня апанэнты ўлады павінны вызначыцца з фарматам перамоваў. На наш погляд – Аб''яднанай грамадзянскай партыі – толькі трохбаковы фармат: улада – апазыцыя – і міжнародная супольнасьць у прадстаўніцтве адказных міжнародных арганізацыяў".

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП – пра ліст Аляксандра Мілінкевіча да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай пачаць перамовы аб будучыні Беларусі.

"Калі гаворка ідзе сёньня аб супрацоўніцтве з уладай, то я не бачу для гэтага магчымасьцяў. Калі незаконна асуджаныя сядзяць у турме, забараняецца палітычная дзейнасьць, парушаюцца правы грамадзян, у тым ліку і працоўныя правы – аб якім супрацоўніцтве можа ісьці гаворка? Таму я за дыялёг па вельмі дакладна вызначаных пытаньнях. І мы заўсёды пра гэта гаварылі. А ўлада заўсёды адмаўлялася ад гэтага дыялёгу. Калі гаворка ідзе пра іншае, то я ня ведаю, навошта гэта трэба рабіць. Па-мойму, гэта тады дыскрэдытуе дэмакратычныя сілы".

Сяргей Калякін, старшыня ПКБ – пра ліст Аляксандра Мілінкевіча да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай пачаць перамовы аб будучыні Беларусі.

“Хіба ў нас ёсьць такія асуджаныя?”

Валянцін Сукала, старшыня Вярхоўнага суду Беларусі – у адказ на пытаньне адносна ўжываньня Крымінальнага кодэксу супраць актывістаў моладзевых арганізацыяў, якіх пакаралі ці вінавацяць у дзеяньнях ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

“Я веру ў праўду. Хоць і стамляюся ад яе чужых інтэрпрэтацыяў. Адна толькі плошча Каліноўскага нарадзіла тузіны з два праўдаў. Ісьціна недзе побач. На жаль, у яе маўклівы характар”.

Тацяна Сьнітко, журналістка – у перадачы Свабоды “У што я веру?”.

“Спачатку Лукашэнка павінен распачаць дыялёг з апазыцыяй. І потым апазыцыя скажа Эўропе, ці можна пачынаць перамовы з афіцыйным Менскам”.

Зьміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97” – пра перамовы ўлады і апазыцыі.

“Афіцыйна я атрымліваю ў межах паўтара мільёнаў рублёў. Гэта ўсё. Калі даюць прэміяльныя, то атрымліваецца мільён васемсот. Ну, якія тут сакрэты, наагул, дурыстыка нейкая. Мне сёньня сказалі, дык я доўга рагатаў. Калі я атрымліваю сем з паловай мільёнаў, то няхай мне кожны сустрэчны плюе ў твар”.

Юры Падабед, камандзір палка міліцэйскага спэцназу – з абвяржэньнем інфармацыі Інтэрнэт-рэсурсу "Беларускі партызан" пра заробкі супрацоўнікаў сілавых структураў Беларусі.

"Па-першае, я неаднойчы паўтараў, што Кангрэс патрэбны, каб аб’яднаць кааліцыю і абраць адзінага лідэра, і адзіны штаб стварыць, і працаваць усім разам. То бок, калі ён аб’ядноўвае, значыцца, патрэбен. І гэта была мая жорсткая ўмова. Я не баюся канкурэнцыі і гатовы зноў уступаць у спаборніцтва. За лідэрства. Але калі кааліцыя прыняла рашэньне, што будзе ратацыя, я адразу сказаў, што мяне гэта не цікавіць. Таму што ратацыя – гэта няма лідэра і ўсе лідэры адначасова. І гэта кожны лідэр на пару месяцаў і потым мяняецца. І раз на тры гады ты будзеш лідэрам. Такімі "растапыранымі пальцамі" не выйграюць ў дыктатуры. Вось такая была мая пазыцыя. І калі вось рыхтуецца гэты Кангрэс, і да таго ж у рэгіёнах вялікае расчараваньне тым, што шмат сфальсыфікаваных падпісных лістоў паздавалі людзі. І ёсьць іншыя прычыны. Але для мяне самае галоўнае, што калі няма абраньня адзінага лідэра, то такі кангрэс – нецікавы. Ён толькі пасварыць людзей".

Аляксандр Мілінкевіч – пра сваё рашэньне ня ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

"Гэта гучны выклік, але для якога няма ніякіх падстаў. На мой погляд, чалавек гэты ня вельмі ўпэўнены ў тым, што ён можа атрымаць на гэтым Кангрэсе падтрымку. Таму ён сышоў з дыстанцыі, нават не спрабуючы неяк паспаборнічаць у гэтай справе. Бо любы чалавек, які сыходзіць, ён заўсёды ня мае рацыі. Але гэта ніяк не паўплывае на тое, што будзе адбывацца ў Рэспубліцы Беларусь і тым больш на Кангрэс – адбудзецца ён ці не".

Сяргей Калякін, старшыня ПКБ – пра рашэньне А. Мілінкевіча ня ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

“Кангрэс безь Мілінкевіча — гэта ўжо не Кангрэс аб’яднаных дэмсілаў, але і Мілінкевіч без аб’яднаных дэмсілаў — гэта ўжо не ўсеагульны лідэр”.

Вінцук Вячорка, старшыня партыі БНФ – пра рашэньне А. Мілінкевіча ня ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

“Калі падпісана пагадненьне паміж усімі суб’ектамі, а потым зьбіраюцца суб’екты і большасьцю галасоў перагаласоўваюць асноўныя пункты – гэта ўжо не пагадненьне, а гвалтаваньне палітычнага працэсу”.

Уладзімер Навасяд, лідэр незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу – пра адмову А.Мілінкевіча ад удзелу ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

“Ён так прыгожа сказаў: “Наша Літва”! Ну, мне гэта спадабалася! Было відаць, што мы насамрэч для яго блізкія і цёплыя. У мяне не было магчымасьці яму падрабязна адказаць. Я толькі сказаў, што скарыстаюся тым, што вы дазваляеце мне званіць вам у любы час. Але я не наважыўся папрасіць у яго нумар мабільнага тэлефона”.

Эдмінас Багдонас, новы пасол Літвы ў Беларусі – пра ўручэньне даверчых грамат Аляксандру Лукашэнку.

“У нас ушаноўваюць не ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, а тых, хто зрабіў іх ахвярамі”.

Тацяна Процька, старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту – пра адказ старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі акадэміку Радзіму Гарэцкаму, у якім паведамляецца пра немэтазгоднасьць стварэньня дзяржаўнага камітэту ў справе ўшанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

“Гэта якраз такое моладзевае сьвята, якое “Малады фронт” успрымае не як дзень каханьня, ці там нейкія пацалункі ў сквэрыку, а сапраўдны дзень любові да нашай краіны, дзень любові да Эўропы”.

Барыс Гарэцкі , актывіст “Маладога Фронту” – пра сьвяткаваньне дня сьвятога Валянціна.

"Я не разумею – зь Ягайлам можна было размаўляць, а ён жа быў антыпольскі – палякаў забіваў, але тым ня менш стаў каралём Польшчы. Дык чаму тады не размаўляць з Лукашэнкам?"

Януш Корвін-Міке, лідэр польскай кансэрватыўна-лібэральнай партыі Унія рэальнай палітыкі – пра магчымасьць перамоваў Захаду зь беларускай уладай.

“Паглядзіце, што робіцца зь небаракам Хадаркоўскім, палітыка з Грузіяй вызначалася стаўленьнем Пуціна да Саакашвілі. Лукашэнка трывала запісаны ў стан асабістых ворагаў Пуціна. Ён гэта разумее, і тут яму нічога ня сьвеціць”.

Андрэй Піянткоўскі, расейскі палітоляг, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту сыстэмнага аналізу РАН – у перадачы “Праскі акцэнт”.

“Наўрад ці Павал Севярынец атрымае датэрміновае вызваленьне. Бо ён не прызнае сябе вінаватым і ня стаў на шлях выпраўленьня”.

Ігар Дамуць, начальнік спэцкамэндатуры №15.

“Было адчуваньне, што цела зараз разарвецца”.

Аляксандар Казулін, былы кандыдат на прэзыдэнта, вязень калёніі “Віцьба” – пра свой выхад з 53-дзённай галадоўкі.

"Я нават сам браў у гэтым удзел, было мала грошай, і мы рабілі барэльефы, бюсты Леніных. Ён нас, так бы мовіць, карміў, мы яго кармільцам называлі".

Уладзімер Жбанаў, скульптар – пра помнікі дзеячам савецкай эпохі.

“Адносна саюзнай дзяржавы — ідзе зьніжэньне прарасейскіх настрояў. Зь іншага боку, гэта не пераходзіць ва ўзмацненьне праэўрапейскіх, затое пераходзіць у значнае ўзмацненьне ізаляцыянісцкіх настрояў у беларускім грамадзтве”.

Алег Манаеў, сацыёляг – пра вынікі студзеньскага апытаньня грамадзкай думкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG