Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блёк Цімашэнкі дамагаецца зносу савецкіх помнікаў ва Ўкраіне


Валер Каліноўскі, Прага Ва Ўкраіне Блёк Юліі Цімашэнкі выступае зь ініцыятывай дэсаветызацыі гарадоў і вёсак – поўнай адмовы ад помнікаў савецкім правадырам, ад савецкіх назваў вуліц ды іншага. Пазыцыю блёку мы папрасілі патлумачыць аднаго зь лідэраў арганізацыі, дэпутата Вярхоўнай Рады Андрэя Шкіля.

Андрэй Шкіль перакананы, што ўкраінскае грамадзтва даўно падрыхтаванае да поўнай адмовы ад савецкіх помнікаў і назваў вуліц. Помнікі Леніну, Кіраву ды іншым партыйным і савецкім дзеячам у Кіеве ды і ва ўсёй ва Ўкраіне зьніклі толькі часткова. Яшчэ на пачатку 90-гадоў зьнік манумэнт Леніну на Плошчы незалежнасьці ў Кіеве, шмат што дзеля дэсаветызацыі было зроблена ў гарадах Заходняй Украіны. У іншых месцах савецкія помнікі яшчэ захаваліся. Але нават там, дзе яны стаяць, людзі асабліва не памятаюць пра герояў мінулай эпохі, якіх адлюстроўваюць гэтыя помнікі.

Шкіль: “Пра Кірава было адно апытаньне і 100 адсоткаў не ведае, хто гэта такі. 40 адсоткаў сказала, што гэта расейскі ці савецкі актор. А іншыя – што пісьменьнік”.

У парку непадалёк ад Вярхоўнай рады Украіны, дзе працуе Андрэй Шкіль, усё яшчэ стаіць помнік Кліму Варашылаву. Апошнія гады гэты парк абралі для сустрэчаў прадстаўнікі сэксуальных меншасьцяў. Адпаведныя ацэнкі людзі перанесьлі і на Варашылава,-- гаворыць Андрэй Шкіль:

Шкіль: “Людзі мяркуюць, што там мусіць стаяць помнік таму, хто падтрымліваў аднаполае каханьне... Такім чынам гэтыя помнікі ўжо даўно не граюць ніякай ролі, яны толькі надаюць савецкасьць дастаткова эўрапейскаму гораду Кіеву”.

Спадар Шкіль перакананы, што гэтыя помнікі, пакрытыя срэбнай фарбай, як і шматлікія гіпсавыя статуі савецкіх часоў, з цягам часу цалкам зьнікнуць з гарадзкіх вуліц як неэстэтычныя і неадпаведныя гарадзкой культуры. Гэта пакуль не адбываецца толькі з-за недаразьвітасьці мясцовага самакіраваньня, якое не пасьпявае прыняць патрэбныя пастановы і законы. Тут няма нейкіх палітычных супярэчнасьцяў, прычына прамаруджаньня з гэтымі помнікамі – звычайная абыякавасьць людзей, —перакананы спадар Шкіль.

Што да вайсковых пахаваньняў мінулага стагодзьдзя, то і тут нейкіх грамадзкіх спрэчак ва Ўкраіне няма, кажа спадар Шкіль:

Шкіль: “Што да пахаваньняў, то тут ёсьць пэўная культура, якая павінна быць павышаная”.

Паводле спадара Шкіля, на захадзе Украіны апякуюцца ўсімі пахаваньнямі, чые б яны не былі, на ўсходзе сытуацыя горшая.

Тым часам у новай Ўкраіне з’яўляюцца помнікі і ўласна ўкраінскім героям: гетманам, палкаводцам, дзеячам нацыянальнага руху. Нядаўна у Кіеве з’явіўся помнік першаму лідэру Руху, былому палітвязьню Вячаславу Чарнавілу, а у Львове за дзяржаўныя грошы ўзводзяць вялікі помнік Сцяпану Бандэру.
XS
SM
MD
LG