Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 16 лютага


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

Удзельнікі форумаў парталу абмяркоўваюць навіну пра тое, што тэрмін будаўніцтва АЭС у Беларусі можа скараціцца да чатырох год. Навіна выклікала вось такія рэакцыі: “Карацей, ва ўсіх, каму дарагое жыцьцё й будучыя дзеці, засталося чатыры гады, каб скласьці манаткі ды ўцячы”. “Вітаю цябе, Чарнобыль!” “Якая ў некаторых людзей кароткая памяць, як выяўляецца… І ніхто плянэрам не нагадаў, што Чарнобыльская АЭС была датэрміновая здадзеная да 24 зьезду КПСС…” “…паглядзіце, пабудуюць за тры гады і ніхто і пікнуць не адважыцца, а хто адважыцца, на такіх ёсьць артыкулы, па якіх іх можна пасадзіць. Карацей, як сказаў адзін вядомы чалавек з вусамі, беларусы будуць жыць кепска, але нядоўга”.

Блогерка распавядае пра працу менскай служы таксовак "084". “Замаўляла таксоўку 084 "на прозьвішча, да Купалаўскага тэатру". Дыспэтчарка запатрабавала ў мяне адрас. Я сказала, што ня ведаю… Але яна адмаўлялася зьвязвацца з таксістам, пакуль я не скажу адрас. Ну, пабегла я вакол тэатру шукаць шыльду з вуліцай. Шыльда аказалася ў стылі рэтра – вул. Энгельса, а побач лічба, якую можна прыняць як за 1, так і за 7. Энгельса, кажу, а нумар няясна. "Нумар скажыце!!!". Альбо адзін, кажу, альбо сем. Але гэта ж Купалаўскі, кожны менчук ведае, тым больш таксіст, дзевушка, вы ўвогуле ў тэатар ходзіце? Энельса сем. 20 хвілінаў прастаяла на марозе. Перазваніла ў службу. Аказалася, што Купалаўскі - усё-ткі Энгельса 7, а яна такі адправіла таксоўку на Энгельса 1. Я хацела яе папрасіць, каб зьвязалася з машынай, і таксіст пераехаў да тэатру. А яна пачала на мяне крычэць, як рэзаная, вельмі непрыемна крычэць, што яна сама чула, як я ёй сказала Энгельса 1”.

Сайт падае альтэрнатыўную менскую тапаніміку. “Бухэнвальд” – гэтак у 1980-я гады студэнты называлі сталоўку, разьмешчаную на тэрыторыі Політэхнічнага інстытуту з боку вуліцы Якуба Коласа. “Дошкі” – танцпляцоўка ў парку Чэлюскінцаў. Піўнушка на Нямізе насіла назоў “Веркіны сьлёзкі”… кавярня Дому актораў насіла неафіцыйны назоў “Мутнае вока”. “Кішка” – гастраном “Цэнтральны”. “Даляр” – дом №15 на вуліцы Кульман. “Кулёк” – унівэрсытэт культуры. “Саха” – аграрны тэхнічны ўнівэрсытэт”.

Нехта у сваім сеткавым дзёньніку прыгадвае гістарычную дату: “16 Лютага 1895 году ў вёсцы Пяршаі Менскага павету (цяпер Валожынскі р-н) нарадзіўся Кушаль Францішак Вінцэнтавіч. Вайсковы і палітычны дзеяч, публіцыст. Муж паэтэсы Натальлі Арсеньневай. У 1919 арыштоўваўся польскімі ўладамі за беларускую дзейнасьць, у тым ліку за распаўсюджаньне літаратуры. З пачаткам 2-й Усясьветнай вайны ўдзельнічаў у абарончых баях супраць нямецкіх войскаў у раёне Львова; камандзір баталёну. 22 верасьня 1939 году інтэрнаваны ў СССР. Са сьнежня 1941 начальнік падафіцэрскай школы паліцыі ў Менску. Удзельнічаў у выданьні часопісу “Беларус на варце”. З 1944 у Нямеччыне. У 1947 заснаваў Аб‘яднаньне беларускіх вэтэранаў. Потым пераехаў у ЗША. Адзін з заснавальнікаў газэты “Бацькаўшчына”. Памер 25 траўня 1968 году ў ЗША”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG