Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У яго жаночае імя" – фотавыстава


Севярын Квяткоўскі, Менск "У яго жаночае імя" -- так завецца фотавыстава, якую фатограф тыднёвіку "Наша ніва" Андрэй Лянкевіч прэзэнтуе ў менскай кавярні "Лёндан". На фотаздымках -- лесьбійская сям''я ў Менску, а назва выставы -- словы дзяўчынкі, якая расказала фотажурналісту пра свайго новага "тату".

"У яго жаночае імя" -- гэта першая ў Беларусі выстава, якая зьвяртаецца да тэмы аднаполых сем''яў. Вось меркаваньне аднаго з наведнікаў кавярні "Лёндан" пра здымкі Андрэя Лянкевіча:

Наведнік: "Неадназначная правакацыя, але мне, як наведніку, прыемна бачыць тут фотаздымкі. Тым больш, тут, апроч таго, што тэма неадназначная, Андрэй скарыстоўваў стужку сярэдняга фармату. Бачна, што для яго гэта двойчы экспэрымэнт".

Фотаздымкі разьмешчаныя на сьценах кавярні "Лёндан". Калі заходзіш, то фота спачатку выглядаюць адно як частка інтэр''еру. На здымках -- дзьве маладыя жанчыны і дзяўчынка гадоў 8-10. Сам Андрэй Лянкевіч кажа, што шмат людзей палічылі яго проста дурнем:

Лянкевіч: "Адзін мой знаёмы, вельмі блізкі, напісаў мне ліст, маўляў, дзякуй за запрашэньне, але не прыйду. Маўляў, і так краіна ненармальная, а тут яшчэ прапаганда такіх стасункаў".

Андрэй Лянкевіч кажа, што працуючы больш за год над сваім рэпартажам вырашыў шэраг мастацкіх задачаў, але фотасэсія мае найперш сацыяльнае значэньне:

Лянкевіч: "На фотаздымках ёсьць толькі адзін пацалунак. І тое ён схаваны ў самы кут, і амаль ня бачны. Тут гісторыя адной звычайнай сям''і. Я ведаю шмат людзей зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй. Я ведаю як іх шмат. Я ведаю іх усюды: пачынаючы зь беларускай тэлевізіі, адміністрацыі прэзыдэнта, і сканчаючы маімі блізкімі знаёмымі з рок-гуртоў".

Афіцыянт кавярні "Лёндан" штодня бачыць рэакцыю наведнікаў на фотавыставу "Ў яго жаночае імя":

Афіцыянт: "Камусьці падабаецца, камусьці не. Некаторыя кажуць, што нейкае трызьненьне. Усё расплывіста, нічога не зразумела".

Карэспандэнт: "А хтосьці хваліць?"

Афіцыянт: "Мала".

Перад выставай Андрэй Лянкевіч разьмясьціў здымкі на адным з інтэрнэт-рэсурсаў:

Лянкевіч: "Каля 90 працэнтаў камэнтароў былі рэзка нэгатыўныя, маўляў, гэта брудна, на гэта нельга глядзець. Хоць самае сьмешнае, на тых здымках на сайце, не было ня тое што пацалунку, там не было, дзе людзі трымаюць адзін аднаго за руку. Сама назва "лесьбіянкі" правакавала людзей на тое, што гэта брыдота".

Я затэлефанаваў адной зь гераіняў фотарэпартажу, каб запытацца ці было цяжка наважыцца на ўдзел у фотапраекце:

Дзяўчына: "Ня думаю, што нам было цяжка пайсьці на гэты крок. Андрэй Лянкевіч прапанаваў нам зрабіць такую выставу. Мне здаецца, што фотаздымкі атрымаліся проста супэрскімі. Вось і ўсё".

Тым ня менш, мая суразмоўца папрасіла і Андрэя Лянкевіча, і Радыё Свабода не называць прозьвішчы – сваё ды іншых асобаў на здымках.

На здымках: фота на сьцяне кавярні "Лёндан", фатограф Андрэй Лянкевіч за столікам кавярні.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG