Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль выставіць двух кандыдатаў?


Юрась Бушлякоў, Прага Напярэдадні расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін правёў шэраг кадравых перастановак – у прыватнасьці падвысіў Сяргея Іванова да пасады першага віцэ-прэм’ера Расеі. Чакаецца, што Сяргей Іваноў і яшчэ адзін першы віцэ-прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзеў будуць асноўнымі канкурэнтамі ў барацьбе за расейскае прэзыдэнцкае крэсла ў 2008 годзе.

Паводле Пуціна, прынята рашэньне аб “пашырэньні сфэры адказнасьці Іванова”. Былы міністар абароны Расеі мае каардынаваць цяпер ня толькі вайскова-прамысловы комплекс, але й частку цывільнага сэктару эканомікі.

Падвышэньне Іванова дае яму той самы статус, які мае ў найвышэйшым расейскім кіраўніцтве Дзьмітрый Мядзьведзеў. Як дапускаюць цяпер аналітыкі, выраўноўваньне статусаў Іванова і Мядзьведзева сьведчыць пра тое, што Пуцін дасюль канчаткова ня вызначыўся з кандыдатурай свайго наступніка.

На думку палітычнага камэнтатара расейскай “Новай газеты” Сяргея Муліна, пуцінская рэарганізацыя дае Іванову і Мядзьведзеву роўныя стартавыя ўмовы ў будучай выбарчай кампаніі:

Мулін: “Гэта цалкам укладаецца ў тую канцэпцыю, пра якую гаварыў прэзыдэнт падчас сваёй апошняй прэсавай канфэрэнцыі: тое, што нашую краіну чакае свабодны выбар з двух кандыдатаў. Толькі ён не даказаў пра тое, што гэта будуць два кандыдаты Крамля”.

Новае прызначэньне аддаляе Сяргея Іванова ад Міністэрства абароны, падчас кіраваньня якім ён нярэдка ставіўся аб’ектам вострай крытыкі. Расейскі вайсковы аглядальнік Аляксандар Гольц мяркуе, што пасада першага віцэ-прэм’ера можа дапамагчы Іванову ўзьняць рэйтынг:

Гольц: “Я думаю, што гэта новы шанц для Іванова, бо нарэшце стала ясна, што з пасады міністра абароны папулярнасьці ня надта й набярэш. Не без удзелу Сяргея Іванова нашая армія знаходзіцца ў сваім цяперашнім становішчы. І таму вельмі цяжка разьліваць, што чалавек здабудзе папулярнасьць у гэтых умовах. Вось і было прынятае такое дзіўнае рашэньне”.

Іванову, як і Пуціну, 54 гады. Ён былы калега Пуціна па Камітэце дзяржаўнай бясьпекі. Мядзьведзеву 41 год, працаваў юрыстам і настаўнікам, на пасадзе першага віцэ-прэм’ера Расеі апякуецца рэалізацыяй сацыяльных праграм.

Прэзыдэнцкая выбарчая кампанія афіцыйна пачнецца ў Расеі ў канцы гэтага году.
XS
SM
MD
LG