Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе Канстанціна Лукашова выступілі ўсе сьведкі


Любоў Лунёва, Менск У судзе Ленінскага раёну Менску працягваецца суд над Канстанцінам Лукашовым, братам палітыка Вячаслава Сіўчыка. Лукашова вінавацяць у супраціве міліцыянтам. Інцыдэнт адбыўся летась 29 сакавіка, а ад 19 сьнежня Канстанціна трымаюць пад вартай.

На судовым паседжаньні сёньня прысутнічалі палітыкі, праваабаронцы, грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі АБСЭ, сябры моладзевых дэмакратычных арганізацыяў ды іншыя. У калідорах каля судовай залі было каля двух дзясяткаў спэцназаўцаў.

Летась 29 сакавіка Канстанцін Лукашоў на ўласным аўтамабілі вывозіў брата Вячаслава Сіўчыка з 3-га клінічнага шпіталю. Людзі ў цывільным знакамі паказвалі, каб ён спыніў аўтамабіль, але Канстанцін не пагадзіўся. Пазьней адзін зь міліцыянтаў зьвярнуўся ў пракуратуру з заявай пра тое, што яго нібыта зьбіў аўтамабіль Лукашова.

Ад 19 сьнежня Канстанціна трымаюць пад вартай. Сьледчыя патлумачылі, што ён не зьяўляўся на допыты. Сёньня завяршыўся допыт усіх сьведак у крымінальнай справе. Палітыкі, праваабаронцы, грамадзкія дзеячы лічаць працэс над Канстанцінам Лукашовым палітычным.

Гаворыць актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Барыс Гарэцкі:

Гарэцкі: “Мы лічым гэты працэс абсалютна палітычнай справай. Супраць Кастуся, які балятаваўся на парлямэнцкіх выбарах у 2004 годзе ад “Маладой Беларусі” і ад перадвыбарчага блёку “Маладога фронту”, нейкія касьмічныя абвінавачаньні. Мы лічым, што гэта палітычная расправа з братам Вячаслава Сіўчыка. У судзе прысутнічае вельмі шмат міліцыянтаў, якія папросту сваёй прысутнасьцю дэманструюць, што не баяцца ніякага закону, ніякага суду”.

Маці Канстанціна Лукашова, Галіна Сіўчык, турбуецца пра здароўе свайго сына:

Сіўчык: “Я вельмі ўдзячная тым людзям, якія падтрымліваюць нашу сям’ю. Вельмі ўдзячная акадэміку Гарэцкаму, акадэміку Вайтовічу, нашым палітыкам — Мілінкевічу, Лябедзьку, праваабаронцам, жанчынам, якія самі шмат перажылі, — Ірыне Казулінай, Тацяне Клімавай, усім, хто нас падтрымлівае. Мяне вельмі хвалюе стан здароўя майго сына, бо пакуль ішло паседжаньне, я чула, як ён кашляе. Гэты зацягнуты працэс ідзе не на карысьць здароўю, не на карысьць самаадчуваньню”.

Судзьдзя Зінаіда Красоўская прызначыла спрэчкі на 19 лютага. Ня выключана, што пасьля гэтага ў другой палове дня паведамяць рашэньне. Паводле заканадаўства Канстанціну Лукашову пагражае да 6 гадоў зьняволеньня.
XS
SM
MD
LG