Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нафтагазавая вайна не паўплывала на рэйтынг Лукашэнкі?


Ігар Карней, Менск Незалежныя сацыёлягі абвясьцілі вынікі студзеньскага апытаньня, якое тычылася падсумаваньня асноўных падзеяў у жыцьці беларусаў, разам зь дзейнасьцю кіраўніцтва краіны ў 2006 годзе. Апыталі амаль паўтары тысячы рэспандэнтаў ад 18 гадоў.

Якія падзеі для Беларусі былі самыя важныя ў 2006 годзе? Найчасьцей апытаныя згадвалі беларуска-расейскую нафтагазавую вайну (70% рэспандэнтаў). Прэзыдэнцкія выбары згадалі 63% апытаных. На трэцім месцы — масавыя акцыі пратэсту пасьля выбараў прэзыдэнта (18%).

Некаторыя вынікі апытаньня камэнтуе незалежны сацыёляг Алег Манаеў:

Манаеў: “Адносна саюзнай дзяржавы — ідзе зьніжэньне прарасейскіх настрояў. Зь іншага боку, гэта не пераходзіць ва ўзмацненьне праэўрапэйскіх, затое пераходзіць у значнае ўзмацненьне ізаляцыянісцкіх настрояў у беларускім грамадзтве. Што не нашмат горш, чым прарасейская пазыцыя”.

Карэспандэнт: “Пры гэтым ступень даверу да кіраўніка краіны застаецца на досыць высокім узроўні — каля 50 працэнтаў?”

Манаеў: “Так, застаецца. Увогуле ў сьнежні-студзені абмяркоўваліся дзьве тэорыі. Адны казалі: ён пасьля ўсіх гэтых “войнаў” зусім круты стане; іншыя казалі, што “апусьціцца”. Не адбылося ні таго, ні іншага. Паводле некаторых паказьнікаў, ўзровень даверу крыху ніжэйшы, паводле другіх — ягоны вобраз, наадварот, асацыюецца з моцным палітыкам.

Што да выбараў. Хоць некаторыя паказьнікі блізкія да цэнтравыбаркамаўскіх (прыкладам, колькасьць тых, хто галасаваў), у цэлым зьвесткі паказваюць: паводле меркаваньня бальшыні беларусаў, выбары не былі свабодныя й справядлівыя. А гэта значыць, зьвесткі апытаньня пацьвярджаюць ацэнкі, дадзеныя незалежнымі назіральнікамі, на падставе якіх, у сваю чаргу, зробленыя заявы і Эўразьвязу, і Злучаных Штатаў пра тое, што яны не прызнаюць гэтыя выбары свабоднымі й справядлівымі. У гэтым сэнсе зьвесткі пацьвярджаюць тую выснову”.

Спэцыялісты ня толькі ацэньвалі прамінулыя падзеі, але й прасілі ў рэспандэнтаў зрабіць прагнозы на пэрспэктыву. Задавалася пытаньне: якіх падзеяў можна чакаць у 2007 годзе ў Беларусі? Найчасьцей згадваліся чаканьне “гучных карупцыйных скандалаў” (49% апытаных), “страта маральных каштоўнасьцяў, рост наркаманіі і алькагалізму” і чаканьне “банкавага крызісу”.

У значна меньшай ступені рэспандэнты вераць, што ў 2007-м можа адбыцца яднаньне з Расеяй (станоўча адказалі 29% апытаных).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG