Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – Дзень беларускай салідарнасьці (абноўлены)<b/>


Ганна Соўсь, Менск Сёньня ў Беларусі і ў сьвеце традыцыйна адзначаюць Дзень беларускай салідарнасьці. Тысячы людзей сёньня ўвечары запаляць у сваіх вокнах сьвечкі на знак салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых апазыцыянэраў і палітвязьнямі, з усімі, хто змагаецца за свабоду й дэмакратыю Беларусі. Многія выйдуць са сьвечкамі памяці на плошчы сваіх гарадоў.

Адна з актыўных удзельніц Дзён салідарнасьці, намесьніца старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Гразнова кажа, што гэтая акцыя стала ўжо традыцыйнай для дэмакратычнай супольнасьці ў Беларусі.

Гразнова: “Шмат хто ведае, што гэта за лічба, каму яна адрасаваная, каму прысьвечаная. І таму ў душы кожнага сьвядомага беларуса, а, можа, і таго, хто становіцца такім, адбываецца такі ўспамін сумленьня. Гэта акцыя можа быць публічнай, а можа быць і вельмі інтымнай.

Мы сёньня абвясьцілі пра тое, што намінавалі Зьмітра Дашкевіча, лідэра “Маладога фронту” на прэмію Робэрта Кенэдзі. Гэта вельмі грунтоўная прэмія, якая кожны год прысуджаецца тым, хто рызыкуючы сваім жыцьцём, змагаецца за правы чалавека”.

Актывісты незарэгістраваных дэмакратычных моладзевых арганізацыяў апошнім часам аддаюць перавагу кароткачасовым акцыям у Дзень салідарнасьці, мэтай якіх ставяць шырэйшае інфармаваньне грамадзтва пра палітычную сытуацыю ў краіне. Моладзевы актывіст Франак Вячорка лічыць, што Дні салідарнасьці ў нечым зьмянілі Беларусь.

Вячорка: “За тыя месяцы тыя акцыі, якія адбываліся, Беларусь сапраўды зразумела каштоўнасьць яднаньня, каштоўнасьць салідарнасьці. Леташняя выбарчая кампанія паказала, што толькі аб’яднанымі высілкамі мы зможам зьмяніць рэжым Лукашэнкі. А моладзь — акцыямі да 16-га, мірнымі, творчымі падкрэсьлівае ўсю абурднасьць, усю нахабнасьць і цынічнасьць гэтага рэжыму. Я думаю, што Дзень салідарнасьці павінен стаць кожным днём кожнага беларуса, якому неабыякавыя каштоўнасьці свабоды і дэмакратыі”.

Акцыі салідарнасьці сёньня маюць адбыцца ў Вашынгтоне, Варшаве, Любліне, Кракаве, Санкт-Пецярбургу, Маскве, Брусэлі, Стакгольме, Празе і ды іншых гарадах і краінах.

Дзень салідарнасьці адзначаецца ўжо шаснаццаты раз. Раней арганізатары акцыі Ірына Халіп, Мікіта Сасім і Ірына Красоўская заклікалі грамадзянаў у 16-ты дзень кожнага месяца а 8-й вечара на пятнаццаць хвілін пагасіць у доме сьвятло і запаліць на вокнах сьвечкі.

Пазьней акцыі ладзілі на Кастрычніцкай плошчы, каля расейскай амбасады і ў цэнтры сталіцы. З часам моладзевыя актывісты сталі праводзіць акцыі незалежна ад арганізатараў, якія самі тлумачаць, што насамрэч толькі прапанавалі ідэю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG