Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Уладзіслаў Рубанаў<br><br>15.12.1952, в. Аляксандраўка-1, Слаўгарадзкі раён — 21.7.1994, Менск. Пахаваны ў в. Міханавічы, Менскі раён.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Мы не былі сябрамі. Ён, старэйшы ўсяго на некалькі месяцаў, рана пачаў друкавацца і, калі я яшчэ толькі марыў пра першую публікацыю, ужо працаваў у часопісе “Полымя”, галоўным на той час літаратурным выданьні рэспублікі.

Уладзіслаў пісаў “правільныя” апавяданьні, якія нярэдка друкаваліся ў сьвяточных нумарах “ЛіМу”. Іх героямі былі ветэраны, ці, як тады пісалі ў розных ідэалягічных пастановах, “людзі працы”. Адзіным, што мяне прываблівала ў ягоных творах, была добрая беларуская мова.

Нашыя стасункі ня сталі бліжэйшымі і тады, калі я ў 1988-м стаў супрацоўнікам выдавецтва “Мастацкая літаратура”, дзе Рубанаў загадваў аддзелам прозы і быў сакратаром партыйнай арганізацыі. Але пасьля гістарычных “Дзядоў” таго году штосьці паміж намі зрушылася. Не, яго не было тады ні на Ўсходніх могілках, ні ў полі каля Курапатаў, аднак калі мяне за выступ на мітынгу 30 кастрычніка пачалі назаўтра ж звальняць з працы, Уладзіслаў нечакана апынуўся сярод маіх абаронцаў.

Якраз тады мне да рук трапіў часопіс “Крыніца” з апавяданьнем Рубанава “Артыстка”, і я з радасным зьдзіўленьнем убачыў, што ён можа пісаць зусім іначай — нязьмушана-лёгка, з празрыстай глыбінёю, з гульнёй падтэкстаў і імкненьнем спасьцігнуць парадоксы жыцьця, якое ёсьць нечым значна істотнейшым за фізычнае існаваньне.

Уладзіслаў стаўся яскравым прыкладам таго, як вольнае паветра тых гадоў разьнявольвала людзей мастацтва. Ён на вачах рабіўся чалавекам унутрана свабодным, захопленым зусім іншымі ідэямі, героямі й сюжэтамі. З шэрага вопрадня зьяўляўся на сьвет новы, цікавы і арыгінальны пісьменьнік, што засьведчыла публікацыя ў першых нумарах “Маладосьці” за 1994 год ягонага раману “Не аднойчы забіты”.

У творы сутыкаліся тры сьветы: фізычная паўсядзённасьць, рэальнасьць сноў і сьвет душаў тых, хто ўжо прайшоў свой зямны шлях. На думку аўтара, менавіта гэты, трэці сьвет, дзе сілы згоды, любові і гармоніі знаходзяцца ў жорсткім супроцьстаяньні зь сіламі хаосу і разбурэньня, і кіруе нашым быцьцём.

Раман вельмі паўплываў на Рубанава. Бачачы яго маўклівасьць і засяроджаную заглыбленасьць, здавалася, што ён сапраўды здолеў зазірнуць у сфэры забароненыя і небясьпечныя. Магчыма, так і было, бо празь некалькі месяцаў Уладзіслаў раптоўна і невытлумачальна памёр на 42-м годзе жыцьця.

На пахаваньні мы гаварылі, што яго сыход — страта для нашай літаратуры, і гэтыя словы не былі дзяжурнымі.
XS
SM
MD
LG