Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі патрапіць у пустыню беларускі танк?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міністар абароны Леанід Мальцаў выпраўляецца ў сталіцу Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі на буйнейшую на Ўсходзе выставу зброі. Які беларускі тавар можа прапанаваць усходнім пакупнікам беларуская дэлегацыя?

У Абу-Дабі празь дзень адкрыецца міжнародная выстава зброі “Айдэкс-2007” з прадстаўніцтвам болей як 50-ці буйнейшых пакупнікоў і гандляроў зброі. Беларусь, якая уваходзіць у групу сусьветных лідэраў у гэтай галіне, не магла абмінуць такую падзею, лічаць у міністэрстве абароны. Аднак наконт праграмы візыту Леаніда Мальцава ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты прэсавы сакратар міністэрства Вячаслаў Раменчык выказваўся стрымана.

Раменчык: “Якія задачы? Ён наведвае выставу як наведнік. Гэта звычайная практыка. Выстава праводзіцца штогод, звычайна яе наведваюць прадстаўнікі вайсковых ведамстваў, у тым ліку і Беларусі”.

Вячаслаў Раменчык не паведаміў, ці будзе Беларусь прадстаўленая на выставе асобнай экспазыцыяй зброі, і параіў зьвярнуцца з гэтым пытаньнем у вайскова-прамысловы камітэт, які апякуецца беларускай вайсковай тэхнікай. Адказны супрацоўнік камітэту Пётр Рагажэўскі прызнаў, што беларуская экспазыцыя на выставе будзе, але не ўдакладніў, што дакладна прапануецца пакупнікам зброі.

Якая ж беларуская зброя можа прывабіць гандляроў з Усходу? Незалежны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа, што гэта вырабы непасрэдна беларускіх прадпрыемстваў. “Мінуў час, калі Беларусь пасьпяхова прадавала зброю, якая засталася ад Савецкага Саюзу. Зараз можна зьдзівіць толькі сучаснымі айчыннымі напрацоўкамі”, – мяркуе Раман Якаўлеўскі.

Якаўлеўскі: “Найперш гэта аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня войскамі, якія карыстаюцца вялікім попытам ў сьвеце. Гэта напрацоўка аб’яднаньня “Агат”. Дарэчы, шмат такіх сыстэм стаіць на ўзбраеньні кітайскай арміі. А яшчэ вырабы аб’яднаньня “Пэленг” – гэта прылады начнога бачаньня, іншыя прыстасаваньні для дакладнага прыцэльваньня”.

Заўважу, гэта другі за месяц візыт беларускага міністра абароны Леаніда Мальцава ва ўсходні рэгіён – у студзені ён наведаў Іран і нават сустракаўся з прэзыдэнтам гэтай краіны, якую ў сьвеце падазраюць у распрацоўцы ядзернай зброі. Пра што дакладна дамовіліся ў студзені Менск і Тэгеран, не паведамлялася, але назіральнікі казалі пра магчымыя пастаўкі зь Беларусі прыладаў для супрацьпаветранай абароны Ірана. На думку назіральніка Рамана Якаўлеўскага, аналягічную вайсковую тэхніку Беларусь можа прапанаваць і іншым усходнім краінам.

Якаўлеўскі: “Вялікім попытам, мяркуючы па некаторых дадзеных, у Ірана, Сірыі карыстаюцца радыёлякацыйныя ўстаноўкі, якія мадэрнізуе Беларусь. Таму ня выключаю, што на выставе такія станцыі будуць мець посьпех”.

Адзначу, што ўжо ня першы раз Беларусь на выставах зброі дэманструе распрацоўку “Т1м”, падрыхтаваную прадпрыемствам “Мінатор-сэрвіс”. Гэтак званы “беларускі выведачны танк” назіральнікі называюць лепшым для ўмоваў пустэчы. Але адзначаюць, што зь невядомых прычынаў у сэрыю гэтая распрацоўка дагэтуль не патрапіла. Магчыма, выстава “Айдэкс-2007” будзе для беларускага выведачнага танка больш пасьпяховай?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG