Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне – “бэбі-бум” пасьля чэмпіянату сьвету па футболе


Валер Каліноўскі, Прага У Нямеччыне ў красавіку чакаюць незвычайны рост нараджальнасьці – як раз праз 9 месяцаў пасьля леташняга чэмпіянату сьвету па футболе. Наколькі зьвязана адно з другім?

Як выяўляецца, сувязь наўпростая. Мінулы футбольны чэмпіянат сьвету быў вельмі яркай усясьветнай падзеяй, ён выклікаў моцную хвалю энтузіязму ў Нямеччыне. У тым ліку і ў гэтай галіне. Нямецкія лекаркі, якія цяпер даглядаюць цяжарных жанчын сьцьвярджаюць, што іхныя пацыенткі зацяжаралі ў памяць аб гэтай падзеі, адмыслова ў той атмасфэры ўсеагульнай эўфарыі стварылі сабе такі сувэнір.

Будучых хлопчыкаў большасьць гэтых жанчын плянуе назваць Лукасамі – у гонар Лукаса Падольскага, прызнанага найлепшым маладым футбалістам чэмпіянату – 2006, а таксама Басціянамі (у гонар немца Швайнтайгера) і Майкламі (у гонар англічаніна Оўэна).

Такім чынам колькасьць цяжарных у Нямеччыне рэзка вырасла, радзільныя дамы скардзяцца на недахоп месцаў, у палатах ставяць дадатковыя ложкі, цяжарным адводзяць і іншыя аддзяленьні шпіталяў. На курсах маладых мамаў таксама няма вольных месцаў.

Для Нямеччыны гэта прыемная і доўгачаканая тэндэнцыя – у гэтай краіне ўжо ад 1972 году нараджальнасьць ніжэйшая за сьмяротнасьць. Нямеччына трымае першае месца паводле колькасьці бязьдзетных жанчын – 30 адсоткаў. Сярод нямецкіх мужчын бязьдзетных 40 адсоткаў. Многія мяркуюць, што вінаватыя менавіта мужчыны, якія ня хочуць браць на сябе адказнасьць за дзяцей.

У такой сытуацыі нямецкі міністар у справах сям’і Урсула вон дэр Леен нават прапанавала ухваліць закон, які даваў бы мужчынам ад 2 да 12 месяцаў дадатковага адпачынку для догляду за дзіцём, і дзяржава кампэнсавала б ім 67 адсоткаў папярэдняга акладу. Апрача таго сем’ям, якія маюць дзяцей, прапануецца вяртаць 3000 эўра ў год кампэнсацыі іхных падаткаў.

Для захаваньня цяперашняй колькасьці насельніцтва Нямеччыне патрэбна, каб кожныя дзесяць жанчын дзетароднага ўзросту мелі 21 дзіця, цяпер жа маюць толькі 13.

Аднак праблема старэньня насельніцтва і перавышэньня сьмяротнасьці над нараджальнасьцю – не толькі нямецкая, яна турбуе і іншыя краіны Эўропы, у тым ліку Беларусь. Але ў Беларусі пакуль не чакаецца правядзеньне чэмпіянату сьвету па футболе ці хаця б хакеі, які выклікаў бы "бэбі-бум", падобны да нямецкага.
XS
SM
MD
LG