Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылася прэзэнтацыя “Альбому сямейнага” Вінцэся Мудрова


Ганна Соўсь, Менск У менскім Палацы мастацтваў адбылася прэзэнтацыя “Альбому сямейнага” Вінцэся Мудрова. Гэта адзінаццатая кніга ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. У “Альбом сямейны” ўвайшлі зацемкі Вінцэся Мудрова, якія гучалі на хвалях Радыё Свабода больш як пяць месяцаў і нагадвалі слухачам пра страшныя, сьмешныя й забытыя словы савецкай эпохі. Перадача гучала на хвалях Свабоды з чэрвеня па лістапад. У кнігу трапілі 99 эсэ са 110, якія былі ў эфіры.

Прэзэнтацыя “Альбому сямейнага” пачалася пад гукі старых песень, якія згадваюцца ў кнізе. У чарзе па аўтографы Вінцэся Мудрова стаялі больш за сотню чалавек. Сам аўтар прызнаўся, што за 52 гады жыцьця ўпершыню выступае перад такой вялікай аўдыторыяй (а на прэзэнтацыю кнігі ў Палац мастацтваў прыйшлі каля двухсот наведнікаў).

Мудроў: “У мяне сур’ёзная форма ахлафобіі. У вялікіх натоўпах я адчуваю сябе вельмі нязручна. Але сёньня тут сабраўся не охлас, а кажучы словамі з “Сямейнага альбому”, лепшыя людзі нашага раёну. Гэта я кажу без усялякай іроніі”.

Даўні сябра Вінцэся Мудрова пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які нарадзіўся зь ім ў адной полацкай радзільні і вучыўся ў адной школе, свой выступ пабудаваў у іранічным стылі “Альбому сямейнага”.

Арлоў: “У нашай школе Мудроў быў адным з найгоршых вучняў. Не таму што ён быў паталягічна лянівым. Рэч ня ў тым, што ён быў хлопчыкам з запаволеным разьвіцьцём, бо гэтая якасьць уласьцівая многім таленавітым дзецям. Рэч у іншым. Нашы настаўнікі вельмі рана разгледзелі ці адчулі ў Мудрове такога хлопчыка, зь якога ня вырасьце ані надзейны абаронца сацыялістычнай айчыны, ані будаўнік камуністычнай будучыні”.

Дырэктар беларускай “Свабоды” Аляксандар Лукашук згадаў нядаўні конкурс “Свабоды” “Мой герой”, і прызнаўся, што, калі б яму давялося адказваць на гэтае пытаньне, то ён назваў бы сярод іншых героем Вінцэся Мудрова, боі той разваліў Савецкі Саюз.

Лукашук: “Савецкі Саюз быў напружыўся і запусьціў у космас Юр’я Гагарына, потым напружыўся яшчэ раз і выйграў бронзавы мэдаль на чэмпіянаце сьвету ў 1966 годзе. Потым Савецкі Саюз пабачыў, што Вінцэсь Мудроў носіць даўгія валасы, жуе жуйку і слухае нейкую дзіўную музыку. І Савецкі Саюз захацеў, каб Вінцэсь Мудроў перастаў слухаць гэтую музыку, перастаў насіць даўгія валасы і пастрыгся. І стаў напружвацца ўсё больш і больш, каб пастрыгчы Мудрова. І ўрэшце мы ўсе ведаем, чым скончылася справа. Мы мае Вінцэся Мудрова. А дзе той Савецкі Саюз?”

Валянцін Тарас прызнаўся, што шчыра рагатаў, калі чытаў “Альбом сямейны”. Пры гэтым ён казаў пра забытыя сьмешныя рэчы, якія б варта было ўключыць у “Альбом сямейны”.

Тарас: “І я падумаў: “А чаго ж тут у цябе. Вінцэсь Мудроў, няма?” Дык што ж ён упусьціў. Я думаю, што ён упусьціў батон, батон з кефірам. Яны павінны быць у гэтай кніжцы. Гэта так паўжартам. І сама гэтая кніжка як добры сьвежы добры батон, які калісьці каштаваў 13 капеек”.

Прэзэнтацыю кнігі арганізавала Таварыства беларускай мовы. Мастаком у “Альбоме сямейным” (як, дарэчы, і ва ўсіх кнігах сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”) быў Генадзь Мацур. Рэдагавала кнігу Аляксандра Макавік, прадмову й падрадковыя заўвагі падрыхтаваў дырэктар Беларускай Свабоды Аляксандар Лукашук. А Алена Радкевіч была рэдактаркай праграмы “Летні альбом” на хвалях Свабоды, зь якога паўстаў “Альбом сямейны”.
XS
SM
MD
LG