Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Віцебску наконт магчымасьці перамоваў улады і апазыцыі


Радыё Свабода Былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч прапанаваў Аляксандру Лукашэнку распачаць дыялёг улады й апазыцыі. Як вы да гэтага ставіцеся? На пытаньне "Радыё Свабода" адказвалі жыхары Віцебску. Некаторыя ўвогуле адмаўляліся ад камэнтару, а вось меркаваньні, якія прагучалі.

Спадар: "Я лічу, што з боку Мілінкевіча гэта сапраўдны учынак! Бо зьвяртацца да Лукашэнкі з боку кожнага сумленнага, тым больш актыўнага чалавека, а тым больш яшчэ й палітыка нацыянальнага ўзроўню – гэта як мінімум непрыемна. І таму я цаню, што Мілінкевіч дзеля будучыні Беларусі пайшоў на такі крок. Разам з тым лічу гэта цалкам беспэрспэктыўным – на жаль, гэты крок ня дасьць аніякіх вынікаў".

Дзяўчына: "Я ўвогуле нічога ня чула пра тое, каму хто што прапанаваў. Натуральна, гэта не выходзіць неяк у нашых сродках інфармацыі Ну, вось цяпер чую, цяпер ведаю. І мяркую, што нічога канструктыўнага..."

Хлопец: "У кантэксьце агульнай сытуацыі ў краіне, я мяркую, гэта слушны крок. Цяпер Лукашэнка ў дастаткова няпростым становішчы, аднак і апазыцыя знаходзіцца ў непрыемнай сытуацыі з той простай прычыны, што яна, здаецца, ня ведае, што рабіць! Урэшце, трэба некалі сядаць за стол перамоваў. Гэта, можа, здаецца, нерэальным, але ў прынцыпе ўсё магчыма ў гэтым жыцьці!"

Спадарыня: "Я лічу гэта абсалютна няслушным – зьвяртацца да Лукашэнкі з прапановай "давайце сябраваць разам"! Гэта сьмешна. Сьмешна і крыўдна за Мілінкевіча. Я салідарная з Казуліным – ня памятаю, ці то ў інтэрнэце чытала, ці то ў "Народнай волі", што ён сказаў: "З дыктатарамі трэба размаўляць з пазыцыі сілы". Па-іншаму нічога не атрымаецца!

Спадар: "У мяне ўзьніклі асацыяцыі з 1989-м годам, калі лідэр польскай "Салідарнасьці" Валэнса сеў за стол перамоваў з уладамі – з Ярузэльскім. Але тады за Валэнсам было 10 мільёнаў палякаў, ці нават болей. За ім была моц, за ім была сіла! А тут я ад самага пачатку казаў, што спадар Мілінкевіч – гэта слабы палітык. І зараз, як ён зьвярнуўся з гэтым лістом да Лукашэнкі, я ўвогуле сьцьвярджаю, што Эўропа памылілася, даўшы яму "сахараўскую" прэмію".

Дзяўчына: "Я мяркую, што нічога канструктыўнага Мілінкевіч сказаць ня зможа проста таму, што яму не дадуць! Я думаю, што яго "заткнуць" на першых жа двух-трох фразах, бо Аляксандар Рыгоравіч ня ўмее весьці дыялёг. На гэтым усё й скончыцца".

Спадар: "Я вельмі незадаволены пазыцыяй Мілінкевіча, ягоным гэтым адкрытым лістом, таму што з гэтай уладай можна размаўляць толькі з пазыцыі сілы. А калі ладзіць нейкае супрацоўніцтва, то гэта ўжо патыхае здрадай. Пакуль што Лукашэнка адчувае сябе моцным, і таму Мілінкевіч не дачакаецца аніякага адказу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG