Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 15 лютага


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага сеціва

У беларускім сеціве абмяркоўваюць навіну пра тое, што паводле новага палажэньня, зацьверджанага Саветам міністраў, Інтэрнэт-кавярні цягам году мусяць захоўваць сьпіс сайтаў, якія наведвалі карыстальнікі. А пры патрэбе дзяліцца інфармацыяй з КДБ і міліцыі. Блогер Eolonir на сайце дзёньнікаў “Позірк” параўноўвае беларускія афіцыйныя захады што да кантролю Інтэрнэту зь кітайскімі. І прыходзіць да высновы, што ў беларускіх спэцслужбаў ня хопіць ані людзей, ані ведаў для татальнага кантролю: “І Белтэлекам ня можа абмежаваць доступ усёй краіны бяз згубы прыбыткаў, бо гэта адзін з апошніх крыніцаў. Закладнікі сваёй жа бязглуздасьці”. А на сайце Studenty.by выкладзеныя парады як абыйсьці кантроль у сеціве. Напрыклад, з дапамогай браўзэра Torpark: “Torpark абараняе вас адначасова з двух бакоў. Правайдэр альбо інтэрнэт-кавярня ня могуць вызначыць, якія сайты наведваў іх карыстальнік, а адміністратары сайтаў ня могуць вызначыць сапраўдны IP-адрас, а гэта значыць і фізычнае месцазнаходжаньне карыстальніка”.

На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць рашэньне Аляксандра Мілінкевіча ня ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сілаў, які павінен адбыцца ў сакавіку. Камэнтары: "Мэта кангрэса прастая. Лябедзька хочыць стаць на месца Мілінкевіча!! Пагрызуцца канчаткова”; "Мілінекевіч пачаў сваю гульню, толькі неяк дзіўна гэта выглядае”; “Тут праклёўваецца станоўчы момант. Апазыцыя ня проста існай улады, а нейкія пачаткі сапраўды шматпартыйнай сыстэмы”.

У суполцы Minsk_by карыстальнік Stranya піша: Ужо каторы месяц не магу набыць квіткі на "Дзікае паляваньне караля Стаха" ў Купалаўскі тэатар. У касах тэатру кожны раз кажуць, што квіткі ўсе ўжо раскупленыя, хоць намагаюся набыць больш чым за месяц да імпрэзы. Узьнікла такое пытаньне: у каго-небудзь атрымалася туды трапіць? Мо ёсьць нейкія патаемныя шляхі, аб якіх я не ведаю? Вельмі трапіць хочацца...” Фаны-тэатралы раяць, як абыходзіць перашкоды. Напрыклад: “Набываць лепш ня ў касе тэатра, наколькі я зразумела. Бо на малой сцэне вельмі мала месцаў і квіткі разыходзяцца па распаўсюдніках. Я, напрыклад, забрала апошнія 2 квіткі ў ЦУМе. Паспрабуйце такім шляхам:)”.

Інтэрнэт праект Правінцыя. ФМ публікуе новую палітычную пародыю на Аляксандра Лукашэнку. Менавіта голасам першага прэзыдэнта РБ вядзе свой маналёг герой падкасту -- Амлет, прынц Адскі:

“Усё, прыйшоў капец. Усе важныя, глыбокія зацеі мяняюць напраўленіе і ціраюць смысал. Усё, ухажу, ціпер маўчаньне. О, пракурор, у тамах бясчысьленных маего дзела, ты памяні мае грахі”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG