Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША дадуць прытулак 7 тысячам ірацкіх уцекачоў


Віталь Цыганкоў, Прага Камісія ААН у справах уцекачоў павітала пляны ЗША даць прытулак 7000 іракцаў і выдаткаваць 18 мільёнаў даляраў для вырашэньня праблемы перамешчаных асобаў. Гэтыя намеры Вашынгтону прадстаўляюць істотную зьмену ў палітыцы ЗША, якія дагэтуль прынялі толькі 600 уцекачоў з Іраку за 4 гады ад часу зьвяржэньня Садама Хусэйна.

Кіраўнік ААН-аўскай камісіі у справах уцекачоў (UNHCR) Антоніё Гут’ерэс назваў намеры ЗША “вельмі добрым крокам у слушным накірунку”. Але ён выкарыстаў магчымасьць яшчэ раз зьвярнуць увагу на праблему бежанцаў з Іраку. Паводле ацэнак камісіі, каля 50 тысячаў іракцаў пакідаюць сваю краіну штомесяц. За чатыры гады пасьля скіданьня Садама Хусэйна Ірак пакінулі амаль 4 мільёны чалавек.

Людзі ўцякаюць ад міжканфэсійнай варажнечы

Жан Філіп Шаўе, прэсавы сакратар міжнароднай арганізацыі ў справах міграцыі, кажа, што праблема перамешаных асобаў была вельмі істотнай у Іраку яшчэ падчас кіраваньня Садама Хусэйна.

Шаўе: “Будзе правільным сказаць, што Ірак заўсёды цягам апошняга дзесяцігодзьдзя меў шмат перамешчаных асобаў – звыш мільёну людзей зьмянілі месца жыхарства ў розных правінцыях. У 2006 годзе вырашальным чыньнікам было бамбаваньне храму ў Самары, і цяпер мы ацэньваем, што каля тысячы чалавек штодня становяцца перамешчанымі асобамі”.

Цяпер людзі ўцякаюць з Іраку, каб ня стаць ахвярамі сутычак паміж рознымі групоўкамі і міжканфэсійнай варажнечы паміж сунітамі і шыітамі.

Праблема застаецца

Так што рашэньне ЗША прыняць 7 тысячаў чалавек ні ў якім разе не здымае праблему, тым больш Вашынгтон пакуль не аб’явіў, хто будзе абраны, і паводле якіх крытэраў. Прадстаўніца камісіі Астрыд Ван Гендэран адзначае, што звычайна крытэрыі наступныя — даваць прытулак тым, хто ня можа заставацца ў краіне свайго часовага побыту. Прытулак атрымліваюць людзі, якія ўцяклі з краіны, маючы пагрозу нейкіх рэпрэсіяў, альбо гэтая асоба асабліва уразьлівая да хваробаў альбо размова ідзе аб аднаўленьні сям’і.

ААНаўская камісія лічыць, што для большасьці ірацкіх уцекачоў лепш было б застацца ў краінах свайго рэгіёну, найперш Сырыі і Ярданіі, у кожнай зь якіх зараз знаходзіцца прыблізна 700 тысячаў іракцаў.

Аднак улады Сырыі нядаўна прыняла новыя даволі жорсткія патрабаваньні, якія ўскладняюць працэдуру атрыманьня прытулку.



4 лютага 2007 г. Ірацкія ўцекачы ў будынку прадстаўніцтва найвышэйшага камісарыяту ААН па ўцекачам, Дамаск, Сырыя
XS
SM
MD
LG