Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2007-ы — Год памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў


Ганна Соўсь, Менск Грамадзкі аргкамітэт ушанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў сёньня абвясьціў 2007-мы Годам памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі, а 29 кастрычніка — Днём памяці.

Аргкамітэт тлумачыць рашэньне тым, што сёлета спаўняецца 70 гадоў ад 1937 году — кульмінацыі масавых рэпрэсіяў, а 29 кастрычніка 1937 году адбыліся масавыя расстрэлы беларускай інтэлігенцыі. У сувязі з гэтым сёньня абнародавалі Зварот да грамадзянаў Беларусі й беларусаў сьвету.

Гаворыць сустаршыня аргкамітэту пісьменьнік Васіль Якавенка:

Якавенка: “Нашым агульным клопатам павінна быць вяртаньне кожнаму змардаванаму, забітаму, абясслаўленаму грамадзяніну Беларусі яго добрага імені. Мы прапануем кожны месяц 29-га чысла, пачынаючы з 17-й гадзіны, наведваць месцы захаваньня парэшткаў пакутнікаў сталінскіх рэпрэсіяў.

Мы зьвяртаемся да выканаўчых уладаў з хадайніцтвам зрабіць дзень 29 кастрычніка Днём памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў і адзначаць яго адпаведным чынам штогод. Мы выступаем перад кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам з прапановай выдаць указ выканаўчым уладам у гэты жалобны дзень аздобіць чорнымі стужкамі й прыспусьціць дзяржаўныя сьцягі.

Заклікаем добрасумленных грамадзянаў краіны ў Дзень памяці наладзіць у рамках закону жалобныя мітынгі, шэсьці, наведаць месцы расстрэлаў і пахаваньняў ахвяраў масавых рэпрэсіяў, запаліць сьвечкі над магіламі пакутнікаў і аздобіць месцы пахаваньня кветкамі, стужкамі чырвонага, чорнага і белага колераў”.

У рамках Году памяці плянуецца стварыць сайт, выдаць навуковыя зборнікі пра гісторыю рэпрэсіяў у Беларусі, зьбіраць сьведчаньні ахвяраў рэпрэсіяў, правесьці жалобныя мерапрыемствы на месцах масавых рэпрэсіяў і ўсталёўваць там мэмарыяльныя знакі ды яшчэ шэраг іншых акцыяў.

У Беларусі існуе сорак мэмарыяльных знакаў памяці ахвяраў рэпрэсіяў, і ўсе яны былі ўсталяваныя грамадзкасьцю без удзелу ўладаў. Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі з 1917 да 1953 году былі рэпрэсаваныя больш за 600 тысяч чалавек. Паводле дасьледчыка гісторыі рэпрэсіяў Ігара Кузьняцова, які абапіраўся на шэраг навуковых дасьледаваньняў, у тым ліку і расейскіх, колькасьць рэпрэсаваных — каля 1,5 мільёна чалавек.
XS
SM
MD
LG